Кіраўнік беларускага КДБ Церцель пагражае біць па дзіцячых лякарнях у Кіеве
149- 26.04.2024, 18:10
- 70,516
Украінскія ўлады пачалі эвакуацыю.
У сталіцы Украіны Кіеве пачалі тэрміновую эвакуацыю дзвюх лякарняў на вуліцы Багатырскай, адна з іх дзіцячая. Гэта робяць у мэтах бяспекі, паведамілі кіеўскія ўлады ў пятніцу, 26 красавіка.
Як адзначылі ўлады сталіцы Украіны, такую пастанову прынялі праз відэа нібыта «анансаванага ўдару РФ па гэтых медыцынскіх установах», якое распаўсюджваюць у сетцы. У адміністрацыі ўдакладнілі, што інфармацыя пра тое, што ў гэтых шпіталях знаходзяцца вайскоўцы, – «абсалютная хлусня».
Эвакуацыя пачалася пасля пагрозаў кіраўніка беларускага КДБ Івана Церцеля, піша BBC.
Гэтая заява прагучала на паседжанні так званага ВНС. Там Церцель абяцаў супрацьдзейнічаць міфічным тэрарыстам з Украіны, і падчас гэтага прагучала пагроза ў дачыненні да лякарняў Кіева.
«Усе гэтыя асобы ды іхнія планы нам вядомыя. У барацьбе з тэрарызмам дзейнічаем паводле законаў ваеннага часу. Сярод тэрарыстаў ёсць забітыя і параненыя, іх напаткае кара, нягледзячы на тое, што сваім логавам яны абралі кіеўскія лякарні па адрасе Багатырская, 30–32, дзе схаваліся за спінамі хворых дзяцей», – заявіў старшыня КДБ Беларусі.