Кіраваныя штучным інтэлектам баліды з цяжкасцю даехалі да фінішу ў сваёй першай гонцы
7- 28.04.2024, 18:11
- 5,874
У кваліфікацыі і гонцы беспілотныя машыны паводзілі сябе непрадказальна.
У ААЭ прайшла першая ў свеце гонка кіраваных штучным інтэлектам балідаў у рамках Аўтаномнай гоначнай лігі Абу-Дабі (A2RL).
Удзельнікам спатрэбілася больш за гадзіну, каб пераадолець усяго восем колаў трасы «Формулы-1». Для параўнання – летась чэмпіён «Формулы-1» Макс Ферстапен праехаў па гэтай трасе 58 колаў крыху менш чым за паўтары гадзіны.
Заезд прайшоў 27 красавіка, у гонцы ўдзельнічалі восем камандаў, іхнія баліды Dallara Super Formula былі абсталяваныя камерамі і шматлікімі датчыкамі, а кіраваў імі штучны інтэлект. Пераможцай стала каманда TUM Мюнхенскага тэхнічнага ўніверсітэта.
Падчас кваліфікацыйных заездаў баліды рэзка мянялі траекторыю, разварочваліся, накіроўваліся да агароджаў і з'язджалі з трасы, адзначае The Verge.
У гонцы з удзелам чатырох балідаў лідар Polimove з'ехаў з трасы на чацвёртым коле. Балід TUM праехаў міма, а два іншыя праз абвешчаны «жоўты сцяг» пастанавілі на абгон не ісці. На апошнім коле TUM аб'ехаў балід Unimore, які ўжо спыніўся, і перамог.
У гонцы чалавека супраць ШІ-баліда, якая прайшла ў рамках мерапрыемства, з прыкметнай перавагай перамог былы пілот «Формулы-1» Данііл Квят.
Прызавы фонд спаборніцтваў склаў $2,25 млн.