16 траўня 2024, Чацвер, 19:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Радзіму наведаў адзіны ў свеце беларус-камельдул

12
Радзіму наведаў адзіны ў свеце беларус-камельдул

Хто такія камельдулы?

Камельдулы – малараспаўсюджаная каталіцкая кангрэгацыя з найбольш строгім ладам жыцця. Сустрэць манахаў гэтага ордэну амаль немагчыма – яны пакідаюць манастыр толькі ў выключных выпадках і жывуць адасобленым жыццём. Усяго ва ўсім свеце цяпер толькі блізу 50 камельдулаў, і адзін з іх – айцец Ян з Беларусі, які нядаўна пабываў у сваім родным Ваўкавыску, піша katolik.life.

Айцец Ян – выхадзец з каталіцкай парафіі святога Вацлава ў Ваўкавыску, ягонае імя ў свеце – Эдуард Сакалоўскі. Яшчэ ў пачатку 2000-х гадоў ён прыйшоў у ордэн, у 2020 годзе прыняў святарскае пасвячэнне.

55-гадовы манах жыве ў манастыры камельдулаў у польскім Кракаве. І толькі цяпер ён атрымаў магчымасць прыехаць у родную парафію, каб 28 красавіка 2024 г. адслужыць тут прыміцыйную (гэта значыць першую пасля таго, як стаў святаром) святую імшу.

Эдуард Сакалоўскі пастанавіў стаць манахам пасля таго, як патрапіў у сур'ёзную аўтакатастрофу. Больш пра яго нічога невядома праз закрыты характар ягонага жыцця.

Камельдулы (іншыя варыянты назвы – камедулы, камальдулы) – гэта адзін з самых суровых, ізаляваны ад свету манаскі ордэн, якому ўжо больш за 1000 гадоў. Манахі жывуць паводле старажытнага статута святога Бенедыкта і ў адпаведнасці з суровымі патрабаваннямі пустэльніцкага жыцця на прыклад святога Рамуальда.

Асноўныя асаблівасці статута – строгія пасты, адасоблены лад жыцця, абяцанне маўчання, практыка начнога чытання літургіі. Дзень у манастыры пачынаецца ў 3.30, распарадак уключае не толькі малітву, духоўныя чытанні, але і фізічную працу на гаспадарцы.

Кожны брат жыве ў сваёй пустэльніцкай келлі (ці ўласнай асобнай хатцы), пакідаючы яе толькі для агульнай малітвы. Ежу камельдулы таксама, як правіла, прымаюць у сваіх келлях, не ядуць мяса. Размаўляюць выключна ў выпадках крайняй неабходнасці. У манастыры няма радыё, тэлевізіі, гаджэтаў, не практыкуецца выхад за межы тэрыторыі манастыра, не прадугледжаныя вакацыі і наведванне родных.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках