У Менску ўзводзяць унікальны для сталіцы мікрараён малапавярховай забудовы
19- 1.05.2024, 18:34
- 26,834
Вось дзе ён размесціцца.
Мікрараён Паўночны ў Менску зараз забудоўваецца малапавярховымі дамамі. Усяго на гэтай пляцоўцы збіраюцца пабудаваць блізу 60 тысяч квадратных метраў жылля. Пра гэта паведаміў гендырэктар «Менскбуда» Аляксандр Церахаў, відэа апублікавана на YouTube-канале Minsknews, паведамляе «Зеркало».
«Забудоўнікам з'яўляецца МАПІД. Унікальнасць гэтага мікрараёна, мусіць, у тым, што гэта адзіны маштабны мікрараён малапавярховай забудовы. Уведзеная ў строй першая чарга, сёння працягваюцца і сканчаюцца работы ў другой чарзе. Далей будзем планамерна асвойваць сіламі МАПІДу ўсю гэтую пляцоўку. Яна ўяўляе сабой амаль 60 тысяч квадратных метраў жылля. Буйнапанэльнага, індустрыяльнага, пры гэтым вельмі, скажам так, сімпатычна выглядае з боку вентыляваны фасад, плоскія дахі. Сучасны падыход», - распавёў Аляксандр Церахаў.
З яго слоў, гадавая задача для сталіцы - блізу 700 тысяч квадратных метраў жылля, Паўночны займае невялікую долю ў гэтым аб'ёме. Будаўнікі ўжо зайшлі на іншую вялізную пляцоўку — Масюкоўшчыну. МАПІД пачаў будаваць там два жылыя дамы. Большасць кватэр прызначаныя для бедных. У сувязі з гэтым нядаўна старшыня Менгарвыканкама Уладзімір Кухараў даручыў паскорыць будаўніцтва і распрацоўку гэтага раёна.
Церахаў дадаў, што да канца года МАПІД «яшчэ выйдзе на як мінімум тры жылыя дамы ў гэтым раёне».