17 траўня 2024, Пятніца, 10:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Турцыя спыніла ўвесь гандаль з Ізраілем

Турцыя спыніла ўвесь гандаль з Ізраілем

Імпарт і экспарт тавараў спынены з 2 траўня.

Турцыя спыніла гандаль з Ізраілем праз вайну ў Газе, імпарт і экспарт тавараў спынены з 2 траўня, паведамілі Bloomberg два турэцкія чыноўнікі.

Афіцыйных заяваў пра разрыў гандлёвых стасункаў ад Анкары пакуль не паступала. Аднак інфармацыю пацвердзіў міністр замежных справаў Ізраіля Ісраэль Кац, які абвінаваціў прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Таіпа Эрдагана ў парушэнні міжнародных пагадненняў і грэбаванні інтарэсамі турэцкага народа. Кіраўнік МЗС запэўніў, што Ізраіль хутка знойдзе замену Анкары ў знешнім гандлі, а таксама пашырыць уласную вытворчасць неабходных тавараў.

У пачатку красавіка Турцыя абмежавала экспарт у Ізраіль праз вайну ў Газе. Пад эмбарга трапілі 54 віды тавараў, уключаючы вырабы са сталі і алюмінію, некаторыя віды ўгнаенняў і прамысловай тэхнікі, а таксама электрычныя кабелі, фарбы, лакі і авіяпаліва. У Мінпрамгандлі ўказалі, што абмежаванні будуць дзейнічаць да спынення агню ў сектары Газа і забеспячэння доступу жыхароў анклава да гуманітарнай дапамогі.

У адказ Ізраіль прыгразіў люстранымі захадамі і заявіў пра намер звярнуцца да ЗША, каб тыя разгледзелі магчымасць санкцый і спынення інвестыцый у Турцыю.

Паводле звестак турэцкага статыстычнага інстытута, у 2023 годзе таваразварот паміж дзвюма краінамі склаў $6,8 млрд, з якіх 76% прыпала на турэцкі экспарт. Паводле інфармацыі OEC World, у 2022 годзе Анкара экспартавала ў Ізраіль металаў на $2 млрд, забяспечыўшы чвэрць усіх патрэбаў краіны.

1 траўня кіраўнік МЗС Турцыі Хакан Фідан заявіў пра намер краіны далучыцца да пазову ПАР супраць Ізраіля, пададзенага ў Міжнародны суд ААН з абвінавачваннямі ў «генацыдзе» палестынцаў у Газе. Анкара заклікала іншыя краіны зрабіць тое самае.

Ізраіль і Турцыя аднавілі дыпламатычныя стасункі ў жніўні 2022 года пасля дзесяцігоддзя напружанасці і вывучалі магчымасці пашырэння супрацоўніцтва, пакуль 7 кастрычніка ХАМАС не напаў на габрэйскую дзяржаву. Былі забітыя 1,2 тыс. чалавек, яшчэ 5,4 тыс. атрымалі раненні, больш за 200 ізраільцянаў і замежнікаў трапілі ў палон. Напад справакаваў вайну. Войска абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) вядзе яе на тэрыторыі Газы дагэтуль. Прэм'ер-міністр Біньямін Нетаньяху неаднаразова заяўляў, што вайна скончыцца толькі пасля поўнага знішчэння ХАМАС.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках