Расея збірае восем дывізій: Генерал УСУ папярэдзіў пра стварэнне 120-тысячнага «кулака»
16- 4.05.2024, 12:58
- 17,310
Найбліжэйшы месяц будзе вызначальным.
Травень будзе вызначальным, шмат залежыць ад таго, хто хутчэй здолее падрыхтавацца да прадаўжэння баявых дзеянняў, заявіў генерал-лейтэнант, былы намеснік кіраўніка Генштаба УСУ (2006–2010) Ігар Раманенка.
«З нашага боку – сабраць сілы і стабілізаваць сітуацыю на фронце. А гэта азначае спыніць прасоўванне варожага наступу, не даць яму рэалізаваць другі этап наступу, запланаваны РФ. Краіна-агрэсарка збірае ў глыбіні сваёй тэрыторыі блізу 120 тысячаў вайскоўцаў. Восем дывізій, узбраенне. Ёсць звесткі, што расейцы частку ўзбраення скіроўваюць на фронт», – падкрэсліў ён у каментары telegraf.com.ua.
Эксперт падкрэсліў, што расейцы зрабілі высновы з памылак мінулага і рухаюцца наперад.
«Невыразныя, палавінчатыя пастановы ўкраінскай улады ў мабілізацыі пагаршаюць сітуацыю. І перыяд да канца траўня можа быць цяжкім, нават крытычным для нас», – папярэджвае ён.
Суразмоўца таксама мяркуе, што Украіна прадоўжыць наносіць удары па нафтаперапрацоўчых магутнасцях краіны-агрэсаркі.
«Білі, б'ем і будзем біць! Бо гэта працуе. І таму што гэта ў нашых нацыянальных інтарэсах, няхай нават камусьці з партнёраў і не падабаецца. Для нас гэтая вайна – пытанне выжывання дзяржавы і нацыі. А некаторыя гуляюць вакол гэтага ва ўнутраную і глабальную палітыку», – дадаў Раманенка.