Прэм'ера Галоўчанку выправілі ў Егіпет эканом-класам
12- 4.05.2024, 14:48
- 17,518
Усплылі незвычайныя дэталі візіту.
Былы беларускі дыпламат Павел Мацукевіч прыкмеціў цікавыя дэталі нядаўняга візіту прэм'ер-міністра Рамана Галоўчанкі ў Егіпет.
Галоўчанка наведаў Егіпет 29–30 красавіка. Мацукевіч у сваім тэлеграм-канале зазначае: гэты візіт афіцыйны, таму прадугледжвае максімум пратакольных фармальнасцяў і гасціннасці.
«Набор знакаў увагі вызначаецца дзяржавай, якая прымае госця, з разлікам на ўзаемнасць. З таго, што трапіла ў кадр у егіпецкім выпадку – дывановая дарожка ля трапа прэм'ерскага самалёта, ганаровая варта, аркестр, выкананне гімнаў і прэм'ер-міністр Егіпта, які ўласнай персонай прыбыў у аэрапорт для цырымоніі сустрэчы калегі з Беларусі».
Шлях з Менска да Каіра з улікам неабходнасці аблёту займае 6–7 гадзінаў лёту.
«Эмбраер» «Белавія», які дастаўляў кіраўніка ўраду, не можа прарабіць такі шлях без дазапраўкі, а ўрадавыя «Боінгі» 737 і 767, якімі карыстаецца Лукашэнка і якім такія пералёты пад сілу, Галоўчанку недаступныя – «не той тарыфны план», тлумачыць Мацукевіч.
Ёсць яшчэ бізнэс-джэт «Бамбардзье», які часам транспартуе прэм'ера, але не на гэты раз. Магчыма, праз даўжыню спісу суправаджальных асобаў, не сумяшчальную з салонам Джэта.
«Таму стандартны пасажырскі “Эмбраер” і змушаная пасадка ў Сочы для дазапраўкі. Прычым па дарозе ў Каір Галоўчанка скарыстаўся дазапраўкай для сустрэчы з мэрам Сочы, а вось як Раман Аляксандравіч правёў час на зваротным шляху, пакуль бакі самалёта запаўняліся газай, засталося загадкай», – піша былы дыпламат.
Даставіўшы Галоўчанку ў Менск, самалёт вярнуўся да сваёй рэйсавай праграмы: калі верыць флайтрадару, «Эмбраер» рушыў са звычайнымі пасажырамі ў Санкт-Пецярбург.
«Вось які блізкі прэм'ер у Беларусі да народа і які далёкі ягоны кіраўнік», – дадае Мацукевіч не без іроніі.