У Беларусі ўвядуць дзяржаўную атэстацыю блогераў
20- 7.05.2024, 16:28
- 7,262
На думку лукашыстаў, не ўсіх можна дапускаць да такой дзейнасці.
У Беларусі задумаліся аб увядзенні дзяржаўнай атэстацыі або ліцэнзавання для блогераў, фрылансераў і коўчаў, якія прадаюць свае курсы ў інтэрнэце. Пра гэта ў эфіры СТВ заявіла намесніца дырэктара дэпартамента ў прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Беларусі Іна Бабачонак.
Са слоў чыноўніцы, «узровень самаабароны» ад няякасных паслуг у інтэрнэце не ва ўсіх грамадзян высокі. Таму яго павінна забяспечваць дзяржава - прынамсі ў сферах адукацыі, аховы здароўя, псіхалогіі і гэтак далей.
«Калі мы гаворым, што павінны быць пэўныя атэстацыі, акрэдытацыі, ліцэнзаванні, іншыя ахоўныя інструменты.
І тут нават рэч не ў тым, у якой форме будзе ажыццяўляцца гэты від дзейнасці - ІП, юрыдычная асоба або самастойная прафесійная дзейнасць, - а ў тым, як будуць дапускацца да ажыццяўлення гэтага віду дзейнасці. Гэта значыць да выканання адпаведнай паслугі або выканання такой працы», - заявіла Бабачонак.
Хвалюе чыноўнікаў і момант падаткаабкладання блогераў. Першы намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко думае, што трэба распрацаваць зразумелую сістэму аплаты падаткаў для тых, хто працуе ў інтэрнэце.
На ягоную думку, новыя ўмовы неабходна ўлічваць у законе, у тым ліку атрыманне блогерамі данатаў.