Ракеты ATACMS пашкодзілі нафтабазу ў Луганску
2- 8.05.2024, 7:50
- 13,978
Прагрымелі выбухі, пасля якіх пачаўся моцны пажар.
Увечары ў аўторак, 7 траўня, у часова акупаваным Луганску прагрымелі выбухі, пасля якіх пачаўся пажар. Зафіксаваныя траплянні ў нафтабазу ў межах горада, паведамляе obozrevatel.com.
Аб выбухах паведамлялі ў мясцовых пабліках, жыхары Луганска публікавалі кадры з месца прылёту. У сеціве пісалі, што па нафтабазе прыляцелі ракеты ATACMS.
Неўзабаве так званы кіраўнік "ЛНР" Леанід Пасечнік пацвердзіў пашкоджанне нафтабазы ў Луганску. Пры гэтым горад, які ўжо даўно з'яўляецца глыбокім тылам акупантаў, ён назваў "мірным".
“На месцы працуюць супрацоўнікі МНС. Цяпер асноўная задача - патушыць пажар, каб абараніць мірных жыхароў і іх дамы ад агню. Інфармацыя аб пацярпелых удакладняецца. Сітуацыю трымаюць на асабістым кантролі”, – напісаў Пасечнік.
Пазней ён заявіў, што, папярэдне, пацярпелі пяць супрацоўнікаў нафтабазы, яны шпіталізаваныя.
Таксама расейскія СМІ пісалі, што ў выніку атакі пашкоджаныя лініі электраперадачы, дамы ў раёне нафтабазы часткова абясточаныя, гарыць газаправод высокага ціску.