Зяленскі: Беларусь павінна ўвайсці ў ЕЗ
22- 9.05.2024, 17:02
- 17,558
Аб гэтым украінскі прэзідэнт заявіў упершыню.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што пашырэнне ЕЗ павінна выйсці за пералік дзяржаў, якія ўжо маюць статус кандыдата, але таксама ахапіць Беларусь.
Аб гэтым ён заявіў на супольнай прэс-канферэнцыі з прэзідэнткай Еўрапарламента Рабертай Метсолай у Кіеве на Дзень Еўропы, паведамляе карэспандэнт «Еўрапейскай праўды».
Уладзімір Зяленскі падкрэсліў, што Украіна неўзабаве чакае крокі ЕЗ, неабходныя для пачатку перамоваў аб уступленні Украіны, але пашырэнне ЕЗ павінна датычыцца таксама іншых еўрапейскіх дзяржаў.
«Мы выканалі ўсе ўмовы для таго, каб у чэрвені была зацверджаная перамоўная рамка і рэальна пачаліся перамовы аб уступленні Украіны ў Еўразвяз. Таксама важна, каб для іншых народаў, якія заслугоўваюць быць у Еўразвязе – еўрапейскае адзінства сапраўды працавала, каб яны таксама рэалізавалі свой кандыдацкі статус», – патлумачыў Зяленскі.
Прэзідэнт Украіны таксама акрэсліў пералік дзяржаў, якія ён бачыць у складзе будучыні ЕЗ.
«Еўропа - гэта і Балканы, і Малдова, і будзе абавязкова дзень Еўропы для Грузіі і дзень Еўропы для Беларусі», - заявіў ён, упершыню абвясціўшы бачанне Украіны наконт будучага ўступлення Беларусі ў ЕЗ.
Адзначым, што ўкраінскі прэзідэнт упершыню заявіў, што наша краіна павінна стаць часткай Еўразвязу.