Альтэрнатыва расiйскiм энергарэсурсам – ёсць!
4- 5.10.2007, 10:35
На дварэ iзноў восень. Праз якi месяц-два краiна паўстане перад праблемай зiмоўкi. Можна не сумнявацца, што зноў пачнуцца “газавыя войны” памiж Мiнскам i Масквой, узаемныя папрокi i абвiнавачваннi. За апошнiя гады карцiна ўжо стала традыцыйнай. I гэта не здзiўляе: беларуская энергетыка на 95% залежыць ад расiйскiх энергарэсурсаў. Таму i будзе Мiнск плацiць такую цану, якую запатрабуе Масква. Аднак iснуе альтэрнатыва. Альтэрнатыва простая: пазбавiць Маскву манаполii на пастаўкi прыроднага газу ў Беларусь. Аўтар iдэi Балта-Чарнаморскага нафтавага калектара Станiслаў Гусак, якi 30 гадоў прапрацаваў у беларускай энергетыцы, перакананы: альтэрнатыва расiйскiм энергарэсурсам ёсць.
— Давайце пачнём з глабальнай праблемы: цi ёсць у Беларусi рэальная альтэрнатыва расiйскiм нафце i газу?
— Зразумела, што ёсць. I тэхнiчна Беларускi Народны Фронт яшчэ ў 1992 годзе паказаў, дзе палягае гэтая альтэрнатыва. Тады сiтуацыя была крыху iншай. Iдэя Балта-Чарнаморскага нафтавага калектара была вельмi моцнай, i ўжо тады для большасцi стала вiдавочна: ёсць альтэрнатыва расiйскай нафце i расiйскаму газу.
Тады вялiся сур'ёзныя спрэчкi: дзе выгадней браць энергарэсурсы — у Расii цi на Захадзе? Цягам апошнiх 15 год наша краiна вяла розную нафтавую палiтыку. Трэба згадаць той час, калi Беларусь i Расiя вялi разлiк за нафту бартэрам. Напрыклад, Расiя брала з Беларусi за адну тону нафты 127 кiлаграмаў ялавiчыны; i Беларусь плацiла мясам гады два-тры — пакуль не здолелi сабраць валюту. I звярнiце ўвагу: Расiя заявiла на сваю нафту сусветныя цэны, а з Беларусi бралi мяса па ўнутрыбеларускiх цэнах. Атрымалiся каласальныя “нажнiцы”: калi на Захадзе кошт адной тоны нафты быў эквiвалентны 25 кiлаграмам ялавiчыны, то Беларусь плацiла Расii 127 кiлаграмаў. Распраналi нас, як маглi...
Праз некаторы час Беларусь знайшла валюту i змагла весцi разлiкi цывiлiзавана. Але ўвесь час наша краiна была нейкiм прыдаткам — нiбыта i была незалежнай, але пачуццё сапраўднай незалежнасцi не надыходзiла, яно заўжды было прыгнечана пачуццём залежнасцi: на Усходзе, маўляў, танней, а на Захадзе — даражэй. Ну i што, што даражэй?! Так, за незалежнасць трэба заплацiць. I вось рознiца ў кошце на палiва i будзе платай за незалежнасць. I гэта не так шмат, бо другiя народы за сваю незалежнасць плацiлi нашмат больш.
Цяпер беларуская эканомiка выглядае нядрэнна, нават пры ўсiх зменах у кошце палiва. Але пры ўсiм тым Беларусь сёння мае патэнцыял, якога хопiць, каб перайсцi ўстаноўленую планку. Можа стацца, што адбудзецца нейкi адкат назад, што трэба будзе ўрэзаць нейкiя сацыяльныя праграмы, магчыма, давядзецца стрымаць рост заробкаў. Гэта будуць непапулярныя крокi, але праз гэта трэба прайсцi, i калi пройдзем праз гэта — будзем адчуваць сябе паўнацэннымi людзьмi, будзем дыхаць свабодай i незалежнасцю ад свайго ўсходняга i вельмi моцнага суседа.
— Я так разумею, што калi мы гаворым пра наяўнасць альтэрнатывы, маецца на ўвазе не Венесуэла, Iрак, Iран, на якiя паклала вока вышэйшае кiраўнiцтва.
— Альтэрнатыўных варыянтаў шмат, i сёння няма тэхнiчных задач, якiя нельга было б вырашыць. Няма перашкод, каб дастаўляць нафту з той жа Венесуэлы, з таго ж Iрака, Iрана, Азербайджана — адкуль заўгодна! Любую нафту можна паставiць на Беларусь. Тэрмiналы для гэтага iснуюць: Вентспiлскi тэрмiнал, якi чатыры гады ўжо не працуе; нафтаправод ад Вентспiлса да Наваполацка ёсць — з басейна Балтыйскага мора можна пастаўляць нафту на Беларусь — колькi хочаш! Далей. Праз Адэсу i станцыю Броды ёсць нафтаправод, па якiм можна паставiць нафту на Мазырскi нафтаперапрацоўчы завод. Тэхнiчна транснацыянальныя iнжынерныя камунiкацыi распрацаваны i могуць функцыянаваць. Па заданнi беларускага ўрада ўкраiнскi Iнстытут транспарту нафты рабiў некалькi варыянтаў паставак нафты на Беларусь: i праз Вентспiлс на Наваполацк, i з Адэсы праз Броды на Мазыр.
Тое самае можна сказаць i пра газ. Прыродны газ ў нас выкарыстоўваецца ў энергетыцы як палiва i ў хiмii як сыравiна. Як сыравiне газу знайсцi замену вельмi цяжка, няхай застаецца; а буйную энергетыку даўно пара перавесцi на сваё палiва: лес, вугаль (iмпарцiраваць з Украiны, з Данбаса, цi нават з Аўстралii, дзе вугаль вельмi танны). Гэта толькi можа падацца, што дастаўка вугалю з той жа Аўстралii — дарагая рэч. Для прыкладу: кошт перакачкi нафты па трубе працягласцю тысяча кiламетраў роўны таму, каб танкерам везцi нафту за 10—12 тысяч кiламетраў.
У сувязi са сказаным хацеў бы дадаць, што iдэя Балта-Чарнаморскага нафтавага калектара трансфармiравалася: сёння гэта хутчэй нейкi сiмвал iнжынернага вырашэння палiтычных праблем. Мне здаецца, што было б нядрэнна зрабiць хуткасную вузкакалейную еўрапейскую чыгунку ад Талiна да Адэсы — па хуткаснай дарозе можна было б хутка перакiдваць i палiва, i iншыя грузы з поўдня на поўнач i наадварот.
Але вернемся да газу. Палякi планавалi будаваць (а можа, i будуюць) тэрмiнал для звадкаванага газу. Справа ў тым, што Алжыр не ведае, куды збываць звадкаваны газ. А колькi Беларусi трэба газу? Два-тры танкеры ў год — для насельнiцтва гэтага хопiць, а буйная энергетыка павiнна пераходзiць на iншыя вiды палiва. Тут i лес, i вугаль, i, вядома, ядзерная энергетыка.
«Рэактар павiнен быць заходнi»
Не ўсе дэмакратычныя сiлы падтрымлiваюць iдэю, але я адношуся да тых, хто падтрымлiвае. Надышоў час будаваць ядзерную энергетыку на Беларусi, таму што наша энергетыка ўжо адстала ад сусветнай гадоў на 50. I пабудова сваёй АЭС — вялiкая навука для нашай энергетыкi. Гэта — крок наперад.
Аднак афiцыйная прапаганда апошнiм часам лабiруе iнтарэсы Расii ў справе будаўнiцтва АЭС на Беларусi. Упор робiцца на тое, што расiйскiя ядзерныя рэактары не горшыя за заходнiя, за германа-французскiя, амерыканскiя. Але ўсё гэта — хлусня. Гэта — лабiраванне iнтарэсаў Расii ў беларускiх афiцыйных СМI. Калi мы паставiм расiйскi рэактар, ТВЭЛы (палiўныя элементы, якiя ўводзяцца ў рэактар, каб пачалася ланцуговая рэакцыя) таксама будуць расiйскiя. Калi зараз залежнасць беларускай энергетыкi ад расiйскай 95%, то як купiм расiйскi рэактар — залежнасць будзе стопрацэнтная... Трэба будаваць электрастанцыю толькi з еўрапейскiм рэактарам (я думаю, еўрапейскiя лепш за амерыканскiя). У Расii можна браць помпы, генератары, трубы, усё што заўгодна — але рэактар павiнен быць заходнi. Калi мы не зробiм гэты крок да незалежнасцi — iншай нагоды можа i не здарыцца.
— Iдэя Балта-Чарнаморскага нафтавага калектара, пабудова беларускай АЭС — планы перспектыўныя. А цi можам мы сёння аператыўна знайсцi альтэрнатыву расiйскiм энергарэсурсам?
— Зразумела, гэта можа быць азербайджанская i казахстанская нафта. I гэта можна рэалiзаваць не на працягу двух гадоў, а на працягу двух месяцаў. Патрэбна толькi палiтычная воля. Зараз бессэнсоўна гаварыць пра кошт нафты цi газу, бо мы ўбачым, як хутка мяняюцца цэны на палiва: цана будзе аднолькавая — сусветная — на ўсё. Калi мы найблiжэйшым часам прыйдзем да гэтага — будзе вельмi добра i для нашай эканомiкi, i для нашай незалежнасцi. Мы будзем есцi столькi, колькi трэба, апранацца так, як трэба, i не будзем спадзявацца, што нейкi дзядзька нам штосьцi дасць. Нам нiхто нiчога не дасць.
— Аднак цяпер жа ўсё ўпiраецца якраз-такi ў цэны. Гучала думка, што цяпер Беларусь плацiць толькi трэць кошту ад сярэднееўрапейскай цаны на газ...
— Хлусня. Гэта не так.
— Чаго чакаць нам ад наступлення халадоў? Як перажывем восень—зiму?
— Думаю, перажывем нармальна. Будзе нейкi кошт на палiва, але гэта будзе па плячу Беларусi. Пры Брэжневе жартавалi:
Передайте Ильичу — нам и десять по плечу.
Но если будет больше — будет то, что в Польше.
Гэта — пра гарэлку. Але тое магу сказаць i пра газ. Мы вытрымаем павышэнне цэн.
— Дзякуй Вам!
Гутарыў Глеб Хмяльнiцкi., «Народная воля»