26 красавiка 2024, Пятніца, 5:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксей Лапіцкі: «Шкада тых суддзяў, міліцыянтаў, якіх прымушаюць выконваць злачынныя загады»

12

Жодзінскі актывіст Алесь Лапіцкі быў асуджаны ўчора на 5 сутак арышта. Аб тым, як затрымлівалі актывіста і як праходзіў суд, прэс-цэнтру Хартыі’97 распавёў яго бацька Аляксей Лапіцкі.

- Як Ваш сын апынуўся ў пастарунку?

- Мой сын першую пяцерку ў школе атрымаў за веданне таго, што есць бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня, што гэта нашыя нацыянальныя сімвалы, што гэта нацыянальныя святыні, то як пасля гэтага ён мусіць ставіцца да святкавання 25 Сакавіка, тым больш 90-ых угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Ён прыехаў у Менск, каб адсвяткаваць гэты дзень з такімі ж беларусамі, як ён, а яму гэтае свята сапсавалі ўлады, як і ўсім нам.

-- І як Вы паставіліся да гэтай весткі?

- Зразумела, не з радасцю, але я лічу, што ўсе затрыманні, што адбыліся пад час мірнага шэсця, з’яўляюцца незаконнымі. Па сутнасці, наша дзяржава падпісала міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах. Есць артыкул 19, звязаны з распаўсюдам інфармацыі, які гарантуе кожнаму грамадзяніну свабоду думак і выказвання, есць артыкул 21, які тычыцца свабоды сходаў і шэсцяў. І там усё прапісана. Дзяржава і кожны суб’ект – і суды, і міліцыя мусяць выконваць міжнародныя стандарты права, якія замацаваныя ў беларускай Канстытуцыі, а на гэтым узроўні мы бачым поўнае ігнараванне гэтых стандартаў.

- Вы прысутнічалі на працэсе, на Вашу думку, наколькі ён быў аб’ектыўны?

- Судовы працэсс адбываўся, мякка кажучы, неаб’ектыўна. Сведчанні міліцыянтаў, якія быццам бы затрымлівалі майго сына, акрамя таго, што былі супярэчлівымі, дык яшчэ, я лічу, не пераважылі паказанні, якія давалі ў яго абарону. На гэта звярнула ўвагу адвакатка, што такія супярэчлівыя сведчанні не могуць класціся ў аснову любога заключэння суда, таму я проста не ведаю, якімі прынцыпамі карысталася суддзя. Але мяркую, што гэта замова ўлады – чарговым разам прадэманстраваць непавагу да ўсяго нацыянальнага ды напалохаць тых, хто яшчэ не скарыўся. Я назіраў за Алесем, ён упершыню патрапіў на суд як падсудны, але гэта яго не напалохала. Тым болей атрымаўся такі цынічны працэс. Чаму такія суды могуць навучыць нашу моладзь? Толькі нянавісці да такой улады і ўпэўненасці, што законным шляхам, як тое адбываецца ў дэмакратычных краінах, яе складана будзе не перамагчы.

- Пасля таго, як пачулі прысуд, што падумалася ў першую чаргу?

- Шкадаванне. З аднаго боку шкада, што хлопца на пэўны час вырвалі з жыцця, але, спадзяюся, гэта яго толькі загартуе, а з іншага – шкада тых суддзяў, міліцыянтаў, якіх прымушаюць выконваць злачынныя загады і яны з розных там прычынаў не могуць адмовіцца і такім чынам самі становяцца злачынцамі. Я ніколі не супярэчу сумленню і так выхоўваў Алеся. У гэтым і палягае наша свабода, што мы робім тое, што лічым правільным, да чаго ляжыць наша сэрца. І счаслівыя ў гэтым.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках