18 траўня 2024, Субота, 2:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Таемны сын

29

У Аляксандра Лукашэнкі з'явіўся сын, прычым адразу чатырохгадовы. Менавіта народжанага па-за шлюбам Мікалая беларускі кіраўнік прадказвае ў свае пераемнікі, пераказвае Расейская служба радыё "Свабода".

Хоць сваё сямейнае жыццё Аляксандр Лукашэнка не афішуе, вядома, што яго законная жонка Галіна Радзівонаўна Лукашэнка пасля абрання мужа прэзідэнтам у 1994 годзе адмовілася пераязджаць у Менск і дагэтуль жыве ў вёсцы Рыжкавічы, а двое іх дарослых сыноў уладкаваліся ў сталіцы. Малодшы, Дзмітрый, кіруе Прэзідэнцкім спартовым клубам, а старэйшы, Віктар, прызначаны бацькам на пасаду памагатага па нацыянальнай бяспецы.

За 14 гадоў кіравання Лукашэнка ні разу не з'яўляўся на афіцыйных прыёмах у суправаджэнні жонкі, не браў яе ў рэдкія замежныя паездкі. А вось сыны амаль з паўтары дзесятка гадоў знаходзяцца пад наглядам бацькі. Прызначэнне Віктара Лукашэнкі памагатым прэзідэнта супярэчыла палажэнню аб дзяржаўнай службе, якое забараняе блізкім сваякам знаходзіцца ў падначаленні адзін у аднаго, і кар'ерны кідок старэйшага сына беларускага прэзідэнта эксперты расцанілі як аперацыю "пераемнік" перад прэзідэнцкімі выбарамі 2011 года. Віктару Аляксандравічу пад той час акурат будзе 35 гадоў і, згодна з Канстытуцыяй, ён будзе мець права абірацца на прэзідэнцкую пасаду. Аднак, у адказ на пытанне аднаго з журналістаў пра перспектывы, Лукашэнка заявіў, што будзе рыхтаваць у пераемнікі не Віктара, які "слабей цяперашняга кіраўніка дзяржавы", а "самага маленькага". "Унікальны чалавек", - збянтэжыў аналітыкаў беларускі кіраўнік.

Эксперты пачалі супастаўляць факты і згадваць чуткі і прыйшлі да высновы, што маці малодшага сына - Ірына Абельская, былы асабісты лекар Лукашэнкі, якая кіравала Рэспубліканскай лякарняй Упраўлення справамі прэзідэнта. У красавіку 2007 года Абельскую знялі з пасады, цяпер яна працуе ў жаночай кансультацыі.

З сярэдзіны красавіка Лукашэнка ўжо разоў пяць з'яўляўся на публіцы разам з чатырохгадовым Мікалаем - так завуць "унікальнага малодшанькага" афіцыйныя СМІ. Упершыню па тэлевізары Колю разам з бацькам паказалі на рэспубліканскім суботніку 19 красавіка. У той самы дзень хлопчык разам з бацькам выйшаў на лёд перад гульнёй прэзідэнцкай хакейнай каманды. Праз тыдзень, падчас працоўнай паездкі па чарнобыльскіх рэгіёнах, Аляксандр Лукашэнка разам з Колям наведаў праваслаўную царкву ў старажытным Тураве, а ў Хойніках голасна паўтарыў: "Нібыта грамадскае аб'яднанне "Белая Русь" стваралася пад будучага прэзідэнта, і што гэтым прэзідэнтам будзе мой старэйшы сын. Я ўжо сказаў: малодшы сын будзе прэзідэнтам".

Калі ўспрымаць гэтыя словы сур'езна, то Лукашэнка не мае намеру пакідаць пост кіраўніка дзяржавы раней за 2041 год, калі яму будзе далёка за 80. Чаму Лукашэнка стаў актыўна рэкламаваць трэцяга сына? "Калі кіраўнік дзяржавы рэгулярна паказвае свайго сына, то народ задае пытанне: а дзе мама гэтага дзіцяці? - здзіўляецца намесніца галоўнага рэдактара газеты "Народная воля" Марына Коктыш. - Дагэтуль не было ніякіх афіцыйных паведамленняў пра развод Аляксандра Рыгоравіча з яго першай і, як мне здаецца, адзінай афіцыйнай жонкай Галінай Радзівонаўнай. Можна, вядома, пагадзіцца, што гэта асабістае жыццё, але мне здаецца, што ў прэзідэнта не можа быць асабістага жыцця, паколькі ён публічны чалавек. А публічныя палітыкі заўсёды мусяць быць празрыстымі ва ўсім. Мне здаецца, піяр-тэхнолагі ў гэтым сэнсе не вельмі слушна Аляксандру Рыгоравічу раяць".

Прэзідэнцкая прэс-служба, якую замучылі пытаннямі пра таямнічага хлопчыка, у разгубленасці. Кіраўнік прэс-службы Павел Лёгкі заявіў, што асабістае жыццё прэзідэнта - гэта пытанні, якія ён заўсёды каментуе сам. І дадаў: "Выдатны хлопчык, бачыў яго. Кіраўнік дзяржавы яму нават ікону перадаў, якую яму падарылі. Неяк не пацікавіўся, адкуль узяўся хлопчык".

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках