4 траўня 2024, Субота, 1:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Арышты і буйныя штрафы за ўдзел у акцыі ў Дзень роднай мовы

3

У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля прайшлі суды над удзельнікамі акцыі, прысвечанай Дню роднай мовы.

Нагадаем, 21 лютага сябры аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», а таксама іншыя грамадскія актывісты спрабавалі зладзіць флэш-моб. Яго ўдзельнікі вышлі на галоўную вуліцу горада з плакатамі на грудзях, на якіх надпіс «Родная мова» быў перакрэслены пячаткай «забаронена». Раты ўдзельнікаў акцыі былі завязаныя чырвона-зялёнымі павязкамі. Актывісты мелі намер прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемаў роднай мовы.

Сем удзельнікаў акцыі і два незалежныя журналісты — Алег Ражкоў і Зміцер Кармазін — былі затрыманыя людзьмі ў цывільным і дастаўленыя ў АУС Цэнтральнага раёна.

Суддзя суду Цэнтральнага раёна Гомелю Алена Цалкова прызнала Аляксандра Вярцейку вінаватым у парушэнні артыкула 23.34 (парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства), пакаранне — штраф у памеры 20 базавых велічыняў (700 тысячаў рублёў). А.Вярцейка патлумачыў, што не ўдзельнічаў у акцыі, а толькі праходзіў побач.

Суддзя Марына Дамненка прыняла хадайніцтва журналістаў Алега Ражкова і Зміцера Кармазіна аб удзеле ў судовым слуханні адваката, з якім яны маюць намер заключыць дамову, і перанесла суд над імі на 24 лютага.

Марыя Тульжанкова, таксама затрыманая 21 лютага, падала суду хадайніцтва аб вядзенні працэсу на беларускай мове ці ўдзеле ў разглядзе справы перакладчыка. «Ускладаннем кветак да помніка Кірыле Тураўскаму мы хацелі прыцягнуць увагу да праблемаў беларускай мовы. Мяркуючы па тым, што нават суддзя не валодае дзяржаўнай мовай, такая праблема існуе», — адзначыла на паседжанні М.Тульжанкова.

У якасці перакладчыка на суд была запрошаная намесніца дэкана філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржуніверсітэта Алена Палуян.

М.Тульжанкова паказала на судзе, што разам з сябрамі вырашыла адзначыць Дзень роднай мовы і ўскласці кветкі да помніка Кірыле Тураўскаму, але была затрыманая людзьмі ў цывільным і дастаўленая ў міліцыю. За ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве дзяўчыну пакаралі штрафам у памеры 50 базавых велічыняў (1 мільён 750 тысяч рублёў). Такая ж мера спагнання была ўжытая да Васіля Такарэнкі.

Моладзевы актывіст Кастусь Жукоўскі быў прысуджаны за ўдзел у пікеце да 7 суткаў арышту. На паседжанні ён патлумачыў, што яго на ўдзел у акцыі натхнілі перадачы на беларускім тэлебачанні, дзе паведамлялася, што 21 лютага святкуецца Дзень роднай мовы.

«Паглядзеўшы тэлевізар, я зразумеў, што гэты дзень трэба святкаваць, таму вырашыў ускласці кветкі да помніка Кірыле Тураўскаму. Я узяў насоўку зялёна-чырвонага колеру, якую выкарыстоўваю звычайна па прызначэнні, завязаў ёй рот — каб не заразіць мінакоў ці самому не заразіцца грыпам, і пайшоў з кветкамі да помніка. Але мяне затрымалі людзі ў цывільным і пасадзілі ў аўтобус. Я думаў, што мяне хочуць падвесці да помніка, бо на вуліцы было халодна, была думка, што гэта ўлады так ужо лібералізаваліся, што апазіцыянераў падвозяць на аўтобусе. Але чамусьці мяне прывезлі ў міліцыю», — пракаментаваў сваё затрыманне актывіст.

Падчас слуханняў справы К.Жукоўскі падаў хадайніцтвы аб тым, каб міліцыя вярнула яму чырвона-зялёную насоўку для натуральных патрэбаў, а таксама каб яго пакармілі перад тым, як весці ў ІЧУ для адбыцця пакарання. «Паводле правоў чалавека, кожны чалавек мае права на здароўе, вы гэтае права парушаеце — я сёння ў судзе цэлы дзень галодны знаходжуся», — падкрэсліў актывіст.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках