29 сакавiка 2024, Пятніца, 7:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У вайсковай частцы, дзе служыць Франак Вячорка, злавілі «шпіёна»

2

У частцы № 48694 супрацьпаветранай абароны ў Мазыры, дзе служыць гвалтоўна прызваны ў войска моладзевы лідэр Франак Вячорка, затрымалі мясцовага парапланара-аматара.

Зараз яму давядзецца заплаціць штраф за ажыцьцяўленьне палёту без адпаведнага дазволу і вытрываць гутарку з прадстаўнікамі вайсковай контрвыведкі, распавядае лідэр «Моладзі БНФ» у сваім дзеньніку на сайце «Беларускія навіны».

18 красавіка. Пра што гаворыць прэса

У пакоі для адпачынку і інфармаваньня — яна ж «ленінка», або «лукашэнінка» (ад прозьвішча чалавека на партрэце, што вісіць над тэлевізарам), — дзяржаўная прэса мірна суіснуе з незалежнай. Шэсць газэтаў зьяўляюцца абавязковымі для падпіскі: «Советская Белоруссия», «Рэспубліка», «Народная газета», «Белорусская военная газета» і мясцовыя «Гомельская праўда» і «Жыццё Палесься». Паштальён зь іх робіць падшыўку. З маім прыходам у часьць пачалі прыходзіць «Народная воля», «Наша ніва», «Новы час», «Белорусы и рынок» і «Газета Слонімская».

Спачатку я натыкнуўся на рашучы пратэст з боку ідэолягаў: маўляў, мы, як дзяржаўная арганізацыя, ня маем права атрымліваць прэсу з пазаафіцыйнага пераліку. Усё, што лішняе, адбіралася і бязьлітасна зьнішчалася.

Сытуацыя ўлагодзілася, калі «Нашу ніву» і «Народную волю» пачалі чытаць афіцэры і прапаршчыкі. Салдаты, як правіла, разгадваюць крыжаванкі і чытаюць анэкдоты, навінамі асабліва не цікавяцца.

Войска як бы вырывае чалавека з грамадзкага жыцьця. Усё, што адбываецца па-за межамі часткі, падаецца далёкім і малаістотным.

Выпадкова за сабой заўважыў, што пачаў чытаць дзяржаўную прэсу. Ворага трэба ведаць у твар. Прачытанае дае глебу для роздуму. На фоне палітычных гульняў з Эўропай зьмяніліся акцэнты і рыторыка. Некаторыя мае аднакурсьнікі і сябры з журфаку ўладкаваліся ў дзяржгазэты і пачалі пісаць як махровыя прапагандысты. Ёсьць у каго браць прыклад. Выкладчыкі, якія мяне адлічалі з унівэрсытэту і празь якіх я патрапіў у войска, пайшлі на павышэньне. Спорна раздаюць інтэрвію. Дэкан Сяргей Дубовік стаў рэктарам Інстытуту журналістыкі пры БДУ, Ганна Басава — загадчыцай аддзяленьня павышэньня кваліфікацыі, Віктар Іўчанкаў — ледзь не галоўным мовазнаўцам краіны…

Выслужыліся. Павесьце сабе па лычцы.

20 красавіка. Злавілі шпіёна

На невысокім насыпным узгорку ў атачэньні размаітай вайсковай тэхнікі стаіць салдат і празь бінокль углядаецца ў неба. Гэта назіральнік ПЗН — пункту зьнешняга назіраньня.

У выпадку трывогі ці баявой гатоўнасьці ён бяжыць на свой пагорак, дакладвае аб усіх убачаных самалётах, шрубалётах, іншых лётных аб'ектах, паведамляе іх курс, дальнасьць, прыблізную вышыню. Аказваецца, існуе маса хітрыкаў, як гэта вызначыць пры дапамозе вока і бінокля, — па шлейфе, мясцовых арыенцірах і іншых.

Учора адбылося цікавае здарэньне. Над баявой пазыцыяй праляцеў параплан. Яго першым заўважыў назіральнік ПЗН, паведаміў камандаваньню. Было вырашана затрымаць патэнцыйнага шпіёна, які парушыў правілы выкарыстаньня паветранай прасторы, ажыцьцяўляў палёт без адпаведнага дазволу. Гора-лётчыкам аказаўся мясцовы аматар. Зараз яму давядзецца заплаціць нясьціплы штраф і вытрываць гутарку з прадстаўнікамі вайсковай контрвыведкі.

А наш ПЗН-шчык атрымаў ад камбата падзяку за пільную службу.

25 красавіка. Увага, вецер!

Напярэдадні 26 красавіка Лукашэнка аб'язджае гарады чарнобыльскай зоны. Нашаму батальёну выпала яго суправаджаць. Калі шрубалёт пралятаў над намі, паступіў загад разьбегчыся па станцыях і не высоўвацца «для вашай жа бясьпекі».

Два дні запар не сьціхала баявая гатоўнасьць. Амаль усе былі занятыя ці то на станцыях, ці то на пляншэтах. Мяне ж адправілі ад граху падалей. На перавод тэхнікі на летні рэжым. Я поўзаў пад «ураламі», старанна пры дапамозе наждачкі зачышчаў іржу і абнаўляў фарбу. Лазячы па боксах, знайшоў зэнітку. Ха-ха! Высьвятляецца, ня так усё і безнадзейна.

26 красавіка. Лазьня

Штосуботу пасьля ПХТ адбываецца памыўка салдатаў у лазьні. Лазьняй называецца аднапавярховая цагляная прыбудова да кацельнай блізу нашай казармы. У меншых падразьдзяленнях, а таксама ў брыгадзе ў Баранавічах, дзе няма ўласнай лазьні, салдатаў водзяць у гарадзкую. У лазьню ходзяць пазьменна па 5-10 чалавек. Памяшканьне невялікае. Ля трох душавых кабінак утвараецца чарга. Вада пэрыядычна прападае. Бывае, прыходзіцца па паўгадзіны стаяць намыленымі і мерзнуць, а нехта адзін ідзе ў кацельную высьвятляць, у чым справа.

Мыемся ў паўзмроку, недзе над стольлю -- мутная лямпачка. Рамонту ў лазьні ніколі не было. Адно пафарбавалі ржавыя трубы ў насычана блакітны колер. Са столі падае брудна-шэрая вільгаць з кавалачкамі фарбы.

Першы раз мыцьцё ў лазьні пакінула досыць гідкае адчуваньне, але наступныя разы я ўжо не зьвяртаў на гэта ўвагі. Пасьля цяжкога працоўнага тыдня і такі душ падаецца раскошай.

Некаторыя мыюць у лазьні форму. Гэта, бадай, адзіная магчымасьць скарыстацца гарачай вадой. Ужо паўгоду абяцаюць паставіць пральную машыну. Так яна й стаіць нераспакаваная ў кладоўцы…

Пасьля душа мы здаем бялізну і атрымоўваем чыстую. Майкі-безрукаўкі, майткі і анучы на ногі. Бялізна шматкроць ужываная і пацёртая. Але ня трэба баяцца: падчас мыцьця яна праходзіць працэдуру дэзінфекцыі.

У дадатак да бялізны старшына выдае тубік крэм-фарбы для абутку «Дамавік», мыла «Дзіцячае» і рулён туалетнай паперы «Салдацкая» ў сьмешнай камуфляжнай абгортцы.

28 красавіка. Футбол для сапраўдных мужчын

На пляцоўцы для пасадкі шрубалёту змайстравалі футбольнае поле. Прыцягнулі двое брамаў, дамовіліся аб правілах. Без афсайдаў, бяз аўтаў, свабодны брамнік. Новы прызыў гуляў супраць стараслужачых. Усе ў майках і майтках. На нагах у каго што — старыя кеды, парваныя красоўкі, хтосьці ўвогуле босы. Бегалі дзьве зь лішнім гадзіны. Пазьбівалі ногі. Мы хоць і прайгралі, але не расстроіліся. 1 траўня возьмем рэванш.

4 траўня. Шчанюк

У нас у часьці завёўся шчанюк — пузатая рудая жывёлінка з тоўстым хвастом, брушкам і чорнымі бліскучымі вачыма. Адкуль ён зьявіўся, ніхто ня ведае. Некаторыя кажуць — гэта шчанё качагарскай сучкі. Некаторыя -- што яго падкінулі.

Шчанё назвалі Эльзай. Яна ўжо аблюбавала ганак ля сталовай, адкуль пастаянна выносяць ежу, «курылку», дзе заўсёды знайходзіцца ў цэнтры ўвагі, і пляц. Бывае, стане перад шыхтом у позу «Зважай!» — і мы ёй жартам аддаем воінскае вітаньне. За тое далі ёй і другую мянушку — «Генэрал».

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках