17 траўня 2024, Пятніца, 9:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Дзяржынску Саннікава сустракалі салютам (Фота)

15

У нядзелю кандыдат у прэзідэнты Беларусі правёў у Баранавічах канферэнцыю з чытачамі мясцовай газеты і сустрэўся з выбарнікамі. У Дзяржынску яго сустракалі салютам.

Андрэй Саннікаў паразмаўляў па тэлефоне з чытачамі незалежнай газеты Баранавічаў «Інтэкс-прэс» і адказаў на пытанні, якія яны даслалі на сайт выдання. Пасля гэтага ў Доме культуры «Тэкстыльшчык» адбылася сустрэча з выбарнікамі. На сустрэчу прыйшлі каля трохсот чалавек, якія задалі пытанні, што цікавяць іх, перадае сайт «Еўрапейская Беларусь».

У Баранавічах Саннікава суправаджалі яго давераныя асобы: першы міністр абароны незалежнай Беларусі генерал-палкоўнік Павел Казлоўскі і генерал Валер Фралоў. На сустрэчу прыйшлі адстаўныя вайскоўцы, чальцы сем'яў дзейсных афіцэраў, таму шматлікія пытанні, зададзеныя ў Баранавічах, тычыліся менавіта войска.

Калі Андрэй Саннікаў і яго давераныя асобы пад'ехалі да Дзяржынскага дома культуры, мясцовыя дэмакратычныя актывісты запалілі феерверк. Саннікаў стаў першым кандыдатам у прэзідэнты, які прыехаў у Дзяржынск у гэтую выбарчую кампанію, і выбарнікам яго прадставіў кіраўнік тэрытарыяльнай выбарчай камісіі, які паабяцаў дзяржынцам, што іх галасы будуць падлічаныя сумленна. За сустрэчай назірала міліцэйскае кіраўніцтва горада, а таксама кіраўніцтва мясцовага КДБ.

Як і жыхары іншых гарадоў, дзяржынцы распавялі пра фальсіфікацыі падчас папярэдніх выбарчых кампаній, паскардзіліся на самаўпраўнасць мясцовых уладаў, задалі пытанні пра шляхі рашэння праблемаў, створаных за час кіравання Лукашэнкі і спыталі, што трэба рабіць, для таго, каб змяніць сітуацыю.

Інтарэсы ўлады прадстаўлялі трое падвыпілых маладых людзей, якія назвалі сябе «гісторыкамі» і настаўнікі мясцовай гімназіі, што сядзелі побач з падпалкоўнікам міліцыі, а таксама жанчына, якая распавяла, што будзе галасаваць за Лукашэнку таму, што на мясцовай ткацкай фабрыцы склалася добрая дэмаграфічная сітуацыя (у адказ мясцовыя жыхары нагадалі ёй, што за час кіравання Лукашэнкі насельніцтва Беларусі скарацілася на 800 тысяч чалавек, і высілкамі адных толькі дзяржынскіх ткачых гэтай праблемы не вырашыць).

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках