8 траўня 2024, Серада, 6:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Майкл Скэнлан: «У Амерыцы людзі таксама збіраюцца разам і чакаюць вынікаў выбараў»

9
Майкл Скэнлан: «У Амерыцы людзі таксама збіраюцца разам і чакаюць вынікаў выбараў»

Часовы павераны ў справах ЗША ў Менску выступіў з заявай для журналістаў.

Заява галоўным чынам была прысвечаная прэзідэнцкім выбарам у Беларусі.

Адказваючы на пытанне адносна намеру беларусаў выйсці ў дзень выбараў, 19 снежня ў 20.00 на плошчу, Майкл Скэнлан распавёў, як праходзяць выбары ў Еўропе і ЗША. Ён заўважыў, што «ў шмат якіх месцах людзі збіраюцца разам, каб дачакацца вынікаў галасавання, кандыдаты збіраюцца разам з выбаршчыкамі, якія іх падтрымліваюць». Пры гэтым Скэнлан падкрэсліў, што самае галоўнае, каб «людзі былі ўпэўненыя, што іх галасы будуць улічаныя». «У гэтым і заключаецца легітымнасць працэсу - працэсу, у якім людзі ўпэўненыя».

Пры гэтым Скэнлан звярнуў увагу на тое, што беларускія дзяржаўныя СМІ пры асвятленні тэмы выбараў шмат увагі надаюць працы ЦВК і прэзідэнта і практычна не заўважаюць альтэрнатыўных кандыдатаў, пра што кажацца ў прамежкавых справаздачах БДІПЧ АБСЕ. «Гэта азначае, што выбаршчыкаў не інфармуюць пра кандыдатаў, і яны не змогуць прыняць усвядомленае рашэнне», - сказаў Скэнлан.

Дыпламат адзначыў, што па-ранейшаму адсутнічае дэталёвае тлумачэнне працэдуры падліку галасоў і правоў назіральнікаў. Ён нагадаў, што ў краінах, дзе выбары прызнаныя дэмакратычнымі, пры падліку галасоў кожны бюлетэнь дэманструецца чальцам камісіі і назіральнікам.

«Спадзяемся, што 19 снежня ў Беларусі падлік будзе праходзіць гэткім жа чынам», - заявіў ён.

Дарэчы, паляпшэнне стасункаў паміж краінамі ў першую чаргу залежыць, па словах дыпламата, толькі ад захавання афіцыйным Менскам фундаментальных правоў і свабодаў чалавека.

Скэнлан падкрэсліў, што гэты момант асабліва адзначаны ў мемарандуме аб паразуменні, які падпісалі 1 снежня ў Астане кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў дзвюх краінаў Хілары Клінтан і Сяргей Мартынаў.

«Павага правоў чалавека і дэмакратыя з'яўляюцца краевугольным каменем у пытанні паляпшэння нашых стасункаў, - сказаў дыпламат. - Урады ЗША і Беларусі прызналі, што гэтыя праблемныя пытанні знаходзяцца ў цэнтры ўвагі. Мы вітаем такое бачанне і спадзяемся на прагрэс у гэтых галінах».

ЗША, разглядаючы ў лістападзе пытанне пра свае санкцыі ў дачыненні да Беларусі, адзначылі, што «сітуацыя застаецца статус-кво», але спадзяюцца на пазітыўныя змены. «Выбары - унікальная магчымасць палепшыць сітуацыю ў больш шырокім кантэксце правоў чалавека. Легітымнасць выбарчага працэсу найбольш важная пры правядзенні выбараў. Яна азначае легітымнасць любога, хто б ні выйграў у выбарчым працэсе», - заявіў часовы павераны.

ЗША, як і БДІПЧ АБСЕ, адзначаюць пазітыўныя змены ў тым, што збор подпісаў і рэгістрацыя кандыдатаў былі больш адкрытымі, чым на папярэдніх выбарах, а ў кандыдатаў было больш магчымасцяў праводзіць пікеты, падкрэсліў Скэнлан. У той жа час, сказаў дыпламат, працэс праверкі подпісаў не быў празрыстым.

Скэнлан таксама адзначыў моцны ўплыў уладаў на працэс фармавання ўчастковых выбарчых камісіяў, куды практычна не ўвайшлі прадстаўнікі апазіцыйных арганізацыяў, а таксама паўтарыў высновы БДІПЧ АБСЕ пра тое, што 86-90 адсоткаў эфіру дзяржаўных тэлеканалаў прысвечаныя Лукашэнку.

«Я не разумею, як можна 7-8 хвілінаў казаць у сюжэце пра выбары, згадваючы толькі аднаго чалавека і ні разу не ўзгадваючы апазіцыйных кандыдатаў», - сказаў Скэнлан. Паводле яго словаў, гэта кажа пра тое, што выбар выбаршчыка пры такой працы СМІ не можа быць інфармаваным.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках