3 траўня 2024, Пятніца, 13:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея гатовая пачакаць з падвышэннем пошлінаў на аўто?

30

Мытныя пошліны на ўвоз іншамарак для фізасобаў могуць захавацца ў Беларусі пасля 1 ліпеня 2010 года.

Такі варыянт развіцця падзеяў не выключыў расейскі амбасадар Аляксандр Сурыкаў на прэс-канферэнцыі 31 сакавіка. Падобнага кшталту заява з боку высокіх службовых асобаў на тэму, якая хвалюе многіх беларусаў, прагучала ледзь не ўпершыню. І, здаецца, унесла у сітуацыю з пошлінамі яшчэ больш нявызначанасці, пішуць «Беларускія навіны».

Да гэтага часу выказванні чыноўнікаў і дыпламатаў Беларусі і Расеі зводзіліся да таго, што павышэння пошлінаў пры ўвозе аўтамабіляў у межах Мытнага саюза не пазбегнуць. Бо Расея не зацікаўленая ў тым, каб танныя іншамаркі з Беларусі хлынулі на яе тэрыторыю, паколькі ёй трэба падтрымліваць уласны аўтапрам. Таму Масква будзе настойваць на выраўноўванні ставак. Для юрыдычных асобаў, нагадаем, пошліны былі падвышаныя да расейскага ўзроўню яшчэ з 1 студзеня.

Да сярэдзіны года Расея, Беларусь і Казахстан маюць намер уніфікаваць рэжым ўвозу фізічнымі асобамі легкавых аўтамабіляў і іншых тавараў на тэрыторыю Мытнага саюза, у тым ліку памеры мытных пошлінаў.

Зрэшты, Сурыкаў не змог сказаць, як ўрэгулююць гэтае пытанне. Ён не выключыў, што статус-кво ў дачыненні да фізасобаў можа ўсё ж захавацца, пакуль у Беларусі не будуць створаныя зборачныя вытворчасці легкавых аўтамабіляў. Пры гэтым амбасадар адзначыў, што для Расеі гэта будзе вельмі нязручна сітуацыя. «Можа, будзем трываць нейкі час, паступова ўрэгулёўваць. Можа, часова застанецца гэтая сітуацыя ў Мытным саюзе, якая ёсць. Яна будзе паступова расціскацца з вырашэннем пытанняў стварэння ўласных зборачных вытворчасцяў у Беларусі», - цытуе Сурыкава БелаПАН.

Нагадаем, пакуль у краіне дзейнічае толькі адно зборачнае прадпрыемства, якое выпускае іранскія «Саманды», аднак яно не можа задаволіць патрэбы беларусаў перш за ўсё па коштах. Яны значна вышэй за кошты вядомых замежных вытворцаў. Пры гэтым зборка ажыццяўляецца ў нязначных аб'ёмах. У мінулым годзе быў сабраны усяго 241 аўтамабіль, а ў гэтым плануе павялічыць аб'ём вытворчасці да 1,1 тыс. штук. Дарэчы, яшчэ ў 2007 годзе ранейшы міністр прамысловасці Анатоль Русецкі ўпэўнена заяўляў, што да 2010 года гэтыя аўтамабілі «заменяць усе ўжываныя машыны, якія набывае насельніцтвам краіны».

Не падвышаць пошліны на іншамаркі для фізічных асобаў заклікаюць уладаў беларускія аўтааматары, якія аб'ядналіся вакол грамадзянскай ініцыятывы па стварэнні грамадскага аб'яднання «За Аўто». У гэты момант ініцыятыўная група займаецца зборам подпісаў за захаваньне цяперашніх мытных пошлінаў, паведаміў «Беларускім навінам» кіраўнік аргкамітэту стваранай арганізацыі Арцём Шаркоў. Скончыць збор плануецца да пачатку траўня, пасля чаго подпісы са зваротам будуць накіраваныя ў тры дзяржаўныя інстанцыі: Адміністрацыю прэзідэнта, Савет міністраў і Дзяржаўны мытны камітэт.

Прадстаўнікі стваранага аб'яднання лічаць, што аптымальным рашэннем было б адкласці пытанне аб падвышэнні пошлінаў да 2012 года, калі, як плануецца, у межах Мытнага саюза будзе створаная Адзіная эканамічная прастора.

Пры гэтым удзельнікі беларускага аўтарынку таксама не выключаюць, што Расея ўвядзе абмежаванні на ўвоз іншамарак з Беларусі, якія былі ўвезеныя і размытненыя ў нашай краіне па нізкіх пошлінах, тобок да 1 ліпеня. «Гэта будзе лагічным крокам для краіны, у якой ёсць свая вытворчасць аўто», - лічыць прадстаўнік аргкамітэта па стварэнні грамадскага аб'яднання «За Аўто» Фёдар Сухаў. Гэта, у сваю чаргу, нанясе фінансавы ўрон тым, хтожадае перапрадаць аўто, а таксама можа прывесці да зніжэння коштаў на беларускім рынку ўжываных аўто, паколькі іншых рынкаў збыту не будзе. Раней дырэктар «Атлант-М Холпі» Аляксандр Скалубовіч заяўляў, што ў набыццё аднаго ці некалькіх імпартных аўтамабіляў для далейшага іх перапродажу ў Расеі ўклалі сродкі каля 70% беларускіх грамадзянаў.

Дарэчы, расейскі амбасадар Аляксандр Сурыкаў выказаў меркаванне, што пасля таго, як у лютым Расея зняла афармленне часовага ўвозу беларускіх аўтамабіляў на сваю тэрыторыю, «шэры» імпарт аўто ўжо пайшоў у Расею. «У нас народ на выдумку хітры - расейскі і беларускі. Набыў танней - прадаў даражэй, бо ў Расеі іншая мытная пошліна», - адзначыў дыпламат.

Адказны сакратар камісіі Мытнага саюза Сяргей Глазьеў таксама не выключае, што дзякуючы нізкай пошліне фізічныя асобы могуць цяпер увозіць аўто ў Беларусь з мэтай іх перапродажу ў Расеі. Аднак «калі расейскі бок захоча, ён можа гэтую справу заблакаваць», заявіў ён 29 сакавіка. Пакуль гэтае пытанне на абмеркаванне камісіі, паволе яго словаў, не вынесенае. Самі ж перамовы адносна падвышэння пошлінаў на аўто для фізасобаў ідуць вельмі складана, сказаў Глазьеў. Паводле яго словах, для асабістага карыстання неабходнае асобнае міжурадавае пагадненне паміж дзяржавамі, і пакуль яго няма. «Вельмі складаны, вельмі цяжкі дакумент», - сказаў кіраўнік камісіі Мытнага саюза.

Па дадзеных Белстата, у студзені імпарт легкавых аўтамабіляў у Беларусь склаў 7,2 тыс. адзінак, што ніжэй за студзень 2009 года на 32,9%. Практычна ўвесь аб'ём імпарту (7067 адзінак, ці 97,9%) забяспечылі фізічныя асобы. Праўда, рост у параўнанні са студзенем 2009-га пакуль не вельмі значны - 7,3%. Эксперты мяркуюць, што ажыятаж пачнецца бліжэй да сярэдзіны года. Калі, вядома, да гэтага часу канчаткова не праясніцца лёс імпартных пошлінаў на аўто пасля 1 ліпеня і бар'ераў, якія Расея можа ўвесці.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках