17 траўня 2024, Пятніца, 7:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускі дыктатар прасіў за Бакіева АДКБ увесці войскі ў Кыргызтан

56
Беларускі дыктатар прасіў за Бакіева   АДКБ увесці войскі ў Кыргызтан

Лукашэнка працягвае «змаганне за Бішкек», у якім ніхто, акрамя яго, удзелу не прымае.

Учора на сустрэчы ў Менску з губернатарам Курганскай вобласці Алегам Багамолавым Аляксандр Лукашэнка сказаў, што на нефармальным саміце Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) СНД пад Масквой 8 траўня «ўсе кіраўнікі дзяржаваў падпісалі дакумент, у якім заявілі», што нядаўняя змена ўлады ў Кыргызтане была «дзяржаўным пераваротам». Беларускі кіраўнік падкрэсліў, што сам ён казаў пра гэтага ўжо ў «першы дзень» пасля кіргізскіх падзеяў. Лукашэнка дадаў, што заява па выніках саміту АДКБ «запісаная расейскай мовай, і ўсе падпісалі, што гэта быў неканстытуцыйны пераварот», піша газета «Время новостей».

Аднак у тым тэксце, які публікуе крамлёўская прэс-служба, няма згадак ні пра «дзяржаўны пераварот», ні пра «канстытуцыйны пераварот». Там кажацца толькі пра «падзеі красавіка г.г. у Кыргызскай Рэспубліцы, якія прывялі да неканстытуцыйнай змены ўлады». Мабыць, кіраўнік Беларусі цытуе нейкі іншы варыянт заявы АДКБ.

Зрэшты, беларускага дыктатара можна зразумець. Усё, што адбываецца ў краінах з аўтарытарнымі рэжымамі, ён нейкім загадкавым чынам праецыруе на сітуацыю ва ўласнай краіне. Таму для яго няма істотнай розніцы паміж «зменай улады» і «пераваротам» -- у любым выпадку аўтарытарны кіраўнік губляе ўладу, што непрыемна...

«Што датычыць маёй пазіцыі па Бакіеву, -- працягваў дзяліцца з курганскім губернатарам сваімі гуманітарнымі меркаваннямі Аляксандр Лукашэнка, -- дык ўсе без выключэння прызналі, што гэта ўчынак з боку беларускага прэзідэнта, што прэзідэнт зрабіў правільна». Кіраўнік грозна папярэдзіў: «І не трэба ніякіх інсінуацыяў. А калі хтосьці гатовы заявіць іншае, дык тады я апублікую стэнаграму».

Што вымусіла Аляксандра Рыгоравіча гэтак раз'юшана пагражаць галоснасцю і рассакрэціць размовы ў вузкім коле лідэраў АДКБ і каго ён просіць абыйсціся без «інсінуацыяў», невядома. Хутчэй за ўсё гэта рытарычная хітрасць, закліканая надаць пераканаўчасць яго праваабарончай дзейнасці ў дачыненні да зрынутага кіргізскага прэзідэнта. Бо без агульнай згоды ўсіх прэзідэнтаў краінаў -- чальцоў АДКБ беларускі кіраўнік не мае права публікаваць стэнаграму.

Ды і што там такога сенсацыйнага можна будзе даведацца... Хіба што пра заяву, падпісаную экс-прэзідэнтам Кыргызтана, якую прывёз на саміт Аляксандр Лукашэнка. У ёй, як стала вядома «Времени новостей» з дасведчаных крыніцаў, Курманбек Бакіеў, які атрымаў палітычны прытулак у Беларусі, ставіць пытанне аб ўводзе у Кыргызтан вайсковага кантынгенту АДКБ для нармалізацыі сітуацыі ў краіне. Відавочна, што падчас жорсткай дыскусіі гэтая прапанова была адрынутая. Замест яе была прынятая заява, на якую спасылаецца беларускі кіраўнік. Ключавым палажэннем дакумента з'яўляецца сцвярджэнне, што краіны -- чальцы АДКБ разглядаюць падзеі ў Кыргызтане як «унутраную справу» гэтай краіны.

Учора кіраўнік часовага ўрада Кыргызтана Роза Атунбаева, выступаючы ў паўднёвай сталіцы рэспублікі Ошы, заявіла, што яе ўрад будзе настойваць на экстрадыцыі Курманбека Бакіева. Паводле яе словаў, ужо падрыхтаваныя адпаведныя дакументы. «Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўзяў пад сваю апеку Курманбека Бакіева. Хачу сказаць, што падобныя дзеянні пагаршаюць палітычную сітуацыю ў самой Беларусі, дзе ў наш час актыўна прачынаецца апазіцыя, яна жорстка выступае супраць палітыкі Лукашэнкі, -- цытуе інфармагенцтва «24.kg» Атунбаеву. -- Я думаю, што ён сам вінаваты ў сітуацыі, якая склалася». Гэткі жорсткі адпор з боку Бішкека беларускаму кіраўніку быў бы немагчымы, калі б у Маскве на саміце АДКБ справа ішла так, як апісвае Лукашэнка.

Напісаць каментар 56

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках