6 траўня 2024, панядзелак, 5:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзевятоўскаму і Ціхану вярнулі алімпійскія медалі

21

Беларускія спартоўцы аспрэчылі дадатныя вынікі іх допінг-пробаў, узятых на Алімпіядзе ў Пекіне.

Вердыкт Спартыўнага арбітражнага суда (САS) у Лазане, дзе атлеты аспрэчвалі рашэнне дысцыплінарнай камісіі МАК аб пазбаўленні іх алімпійскіх медалёў, быў вынесены 10 чэрвеня. Такім чынам, срэбная ўзнагарода Вадзіма Дзевятоўскага і бронза Івана Ціхана ў кіданні молата застаюцца за беларускімі спартоўцамі.

«Зараз галоўнае жаданне — аб усім забыцца, — сказаў у гутарцы з БелТА Вадзім Дзевятоўскі. — Наша з Іванам перамога — гэта вынік доўгай штодзённай карпатлівай працы, які доўжыўся амаль два гады. Для таго, каб абараніць сваю невінаватасць, мы аддавалі ўвесь свой час. Пры гэтым не спынялі трэніравацца, таму што верылі, што аргументы, пададзеныя суду, адпавядаюць праўдзе. Напачатку ліпеня наш брытанскі адвакат прыбудзе ў Менск, і мы арганізуем прэс-канферэнцыю, дзе плануем распавесці журналістам пра нашую цяжбу. Хочацца падзякаваць усім, хто верыў у мяне і ў Івана. Мы адчувалі сапраўды народную падтрымку».

Дысцыплінарная камісія Міжнароднага алімпійскага камітэта 11 снежня 2008 года прыняла рашэнне ануляваць вынікі беларускіх кідальнікаў молата Вадзіма Дзевятоўскага і Івана Ціхана, паказаныя імі на Алімпіядзе-2008, у сувязі з дадатнымі допінг-пробамі. Было абвешчана, што ў атлетаў выяўленае перавышэнне дапушчальнага ўзроўню мужчынскага гармона тэстастэрону.

Рашэнне дысцыплінарнай камісіі МАК атлеты вырашылі аспрэчыць у Спартыўным арбітражным судзе. Дата слуханняў шматразова пераносілася, прычым просьбы аб адтэрміноўцы, як правіла, паступалі з боку МАК. Беларускі бок заяўляў аб неакуратнай арганізацыі працы пекінскай лабараторыі і адхіленнях ад стандартаў Сусветнага антыдопінгавага агенцтва падчас даследавання пробаў Вадзіма Дзевятоўскага і Івана Ціхана. Беларусы настойвалі, што дапушчаныя антыдопінгавымі службамі парушэнні і нестасоўкі маглі паўплываць на вынікі аналізаў.

Спартовы арбітражны суд у выніку пагадзіўся з такой аргументацыяй, выявіўшы парушэнні ў працы пекінскай антыдопінгавай лабараторыі і ануляваўшы вынікі пробаў для абодвух беларускіх спартоўцаў.

Рашэнне арбітражнага суда, прынятае на карысць беларускіх спартоўцаў, выйшла на 77 аркушах і апублікавана на афіцыйным сайце САS. Паводле яго атлетам павінны пакрыць шкоду ў памеры 50 тыс. еўра.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках