5 лiпеня 2015, Нядзеля, 7:26

Наваполацкая кантралёрка: На вуліцу выйсці не магу

705

Кантралёрка Людміла Шахрына пасля выпадку ў аўтобусе наведвае псіхатэрапеўта і шмат часу праводзіць у міліцыі.

Кантралёрка з Наваполацка, якую пасажыр схапіў за валасы, працуе ў мясцовым аўтапарку з 2 красавіка 1998 года. Пачынала кандуктарам, а з 1 снежня 2006 стала кантралёрам. Сярэдні заробак - 3,5 мільёны рублёў.

«Я ні з кім, прабачце, не хачу размаўляць. Я толькі прыйшла ад псіхатэрапеўта», - адказвае кантралёрка Людміла Шахрына. У родным горадзе ёй зараз цяжка выходзіць на вуліцу, паведамляе «Еўрарадыё».

- Як на вас адбіўся гэты выпадак?

- Не тое слова, адбіўся. Калі я ўпершыню ў жыцці пайшла да псіхатэрапеўта... Ён мне прызначыў ін’екцыі і дарагое лячэнне. У мяне нервовы зрыў, я наогул не сплю. На вуліцу выйсці не магу. Выйшла ўчора, мне пачынаюць крычаць: «Авохці! Файнае відеа». Разумееце? Мяне проста прытаўклі. І тут пачынаюць яшчэ таўчы скаргамі. Як мне пасля гэтага выйсці на працу?

- На вас пішуць скаргі? Хто?

- Прыходзяць нейкія людзі і пішуць скаргі. Невядома, пра што. Што я там нейкіх школьнікаў высаджвала калісьці. Гэта проста ідзе група падтрымкі гэтых... Яны мяне б'юць, не ведаюць, чым псіхалагічна прытаўчы. Вось прыйшлі ўчора ўвечары напісалі, што гэты хлопец такі добры, а я такая дрэнная. Нібыта, у нашым горадзе ўсё ведаюць гэтага хлопца. 5 чалавек прыйшло ў групу падтрымкі. Ствараюць такі сайт, каб сабраць грошы на адваката і апраўдаць яго.

- Вы цяпер працуеце?

- У мяне расцягненне шыйных звязак. Я маю лісток непрацаздольнасці ад траўматолага. Хутка павінны выклікаць на вочную стаўку з ім. Я з міліцыі не выходжу цэлымі днямі. Учора там паўдня прабавіла.

- Як на працы паставіліся?

- На працы пакуль ставяцца добра. Сказалі, што я правільна выконвала сваю працу. Я ж нікога не біла, а білі ўсяго толькі мяне.

- А раней з вамі такое здаралася? Былі канфлікты з пасажырамі?

- Натуральна. А хто хоча ахвотна грошы аддаць? Мы ж не прэміі выпісваем, мы ж штрафы накладваем. Але такога, каб за валасы цягалі, такога яшчэ не было.

- Няўжо людзі за 20 тысяч лезуць у бойку?

- І яны гатовыя забіць. Калі тут вось быў сход, яны казалі: ды іх усіх пляжыць трэба. Гэта нармальна?

- Цяжка звычайна з безбілетніка спагнаць штраф?

- Кожны пачынае казаць: «Як вам не сорамна?» Калі вы едзеце без квітка, чаму мне павінна быць сорамна? Гэтага разумення шмат у каго няма. Атрымліваецца, што мне павінна быць сорамна за тое, што я да іх падышла.

- А ці шмат у вас безбілетнікаў бывае?

- Заўсёды па-рознаму. Бывае, што 2-3 за дзень, бывае - ніводнага. У кожнага кантралёра па-рознаму. У мяне ў мінулым месяцы было, паводле маіх падлікаў, 173 чалавекі. Гэта тыя, якія заплацілі.

- А колькі не заплацілі?

- Таксама шмат. Спрабуюць уцякаць. Штурхаць. Калі б з міліцыяй працавалі, было б прасцей.

- Можа, варта штраф падвысіць?

- Яны за 20 тысяч гатовыя забіць, а калі падвысіць, не ведаю, што будзе.

- Я глядзеў відэа шмат разоў, і не разумею, як пачаўся канфлікт?

- Гэты канфлікт не дзеля дзіцяці. А дзеля таго, што людзі ў нецвярозым стане ехалі. А хлопец гэты… учора прыйшла экспертыза… што 1,3 праміле знайшлі. Яшчэ быў адзін хлопец, які мяне штурхаў. Ён там дзесьці трапляецца на відэа, але дрэнна відаць. Спачатку мужчына, які без квітка, мяне штурхаў, потым яшчэ адзін падляцеў, трымаў адчыненыя дзверы, ну а гэты тоўк.

- Вы на жанчыну крычалі, гэта было да таго, як вас пачалі штурхаць?

- Мужчына гэты выказваўся нецэнзурна. Я спрабавала зрабіць заўвагу. Але гэта было бессэнсоўна, таму што ён быў нападпітку. Яны аднекуль з гасцей ехалі. І чаму дзеці ездзяць у такі час ў аўтобусах? (Усё адбывалася пасля 22 гадзін). Дзіця трох гадоў, што, спаць не хоча ў такі час?

- Як зазвычай адбываецца, калі чалавек едзе без білета? Як Вы з ім размаўляеце?

- Прашу, каб разлічыўся. Калі грошай няма, каб даў дакументы. Я сама дружынніца. Мы запісваем іхныя звесткі. Потым спакойна людзі прыходзяць і разлічваюцца.

- Можна разлічыцца не на месцы?

- Натуральна. Мы перапісваем звесткі, і калі ў чалавека грошай няма, ён прыходзіць і разлічваецца.

- У вас былі нейкія заслугі на працы?

- Граматы былі ў мяне. Дошка гонару ў мяне была. За добрую працу.

- А сродкі абароны ў Вас ёсць?

- Нічога няма. Нам нічога не выдаюць.

падзяліцца