Прарыў цеплатрасы ў Гродне: затопленыя дамы і машыны
147- 18.12.2012, 10:14
У выніку аварыі палова горада засталася без цяпла.
На вуліцы Белуша ў абласным цэнтры ноччу прарвала цеплатрасу. У выніку аварыі адбылося падтапленне 9 прыватных жылых дамоў па вуліцы Татарскай, з якіх работнікамі МНС выратаваныя 11 жыхароў, у тым ліку 3 дзяцей, паведамляе МНС.
З-за падмыва праезнай часткі апынуліся затопленымі 5 легкавых аўтамабіляў. Пры правядзенні выратавальных работ (выносілі дзяцей праз патокі гарачай вады) пацярпелі 2 работнікі МНС. Зараз ратавальнікі знаходзяцца ў шпіталі: у аднаго апёкі 30% цела, у другога - 5%. Для ліквідацыі наступстваў парыву прыцягнутыя 16 адзінак тэхнікі, 48 чалавек (з іх 7 адзінак тэхнікі, 22 работнікі МНС). Раніцай ад цеплазабеспячэння застаюцца адключанымі 19 шматкватэрных жылых дамоў, дзіцячы садок №38, паведамілі ў МНС.
Аднак, паводле інфармацыі мясцовага рэсурсу «Твой стыль», у выніку аварыі без цяпла засталася палова горада. Халодныя батарэі - у кватэрах у цэнтры Гродна, замярзае Фолюш і раён вуліц Кляцкова і Кабяка. Па паведамленнях жыхароў Гродна, у шэрагу школ адмененыя заняткі, са шпіталяў экстрана выпісваюць пацыентаў.
У ЖЭСах пакуль не ведаюць, калі з'явіцца цяпло. Людзей просяць «пацярпець». Ідуць рамонтныя работы.
У Гродне сёння мінус 9, заўтра чакаецца ўзмацненне маразоў.
Фота: «Радыё Свабода», МНС.