Кадэтаў «перафарбавалі» ў казакоў
86- 4.12.2012, 17:07
Кадэцкі ваенна-патрыятычны клуб «Айчына» ў гродзенскім ліцэі № 1 стаў называцца казацкім.
Рашэнне было прынята ў мінулую пятніцу, а праз дзень больш за трыццаць школьнікаў увялі ў казакі. Але і сёння ў аддзеле адукацыі Ленінскай адміністрацыі Гродна аб ператварэнні кадэтаў у казакоў нічога не ведалі, перадае «Радыё Свабода».
Кадэцкі клас у першым ліцэі курыруе Вольга Кандратовіч. Але адразу ўдакладніць звесткі пра ліцэістаў-казакаў ў яе не выйшла:
«Кадэцкі клас там ёсць, а казацкага класа няма, там дзеці з дзесятага да адзінаццатага класа. Ну, можа, яны памыліліся, напісалі, што казакі там, кадэты. Там кадэцкі ваенна-патрыятычны клуб, у якім займаюцца кадэты. І ў іх падпісана пагадненне з нашым універсітэтам імя Янкі Купалы, з ваенным факультэтам. Разам распрацавана праграма, і дзеці займаюцца. Па-мойму, кожную суботу ходзяць туды на заняткі».
Мэта навучэнцаў - паступіць на ваенную спецыяльнасць. Студэнты ваеннага факультэта маюць на форме шаўроны з лічбай 1772. Яна азначае працяг традыцыі першага кадэцкага корпуса, створанага ў Гродне пры апошнім каралі Рэчы Паспалітай Станіславе Аўгусце Панятоўскім.
«Уся інфармацыя па ўсіх клубах у мяне ёсць, яны мне здаюць. Але казакоў у іх не было. На гэты год, на верасень месяц мне далі толькі патрыятычны кадэцкі клуб «Айчына». Не можа быць, каб два клуба насілі адну назву», - кажа Кандратовіч.
Але званок у ліцэй пацвердзіў: цяпер там будуць казакі.
«Так, сапраўды, гэта ў маю адсутнасць, пакуль мяне не было. У іх казацкі, на базе гэтага ж клуба. Яны яго зараз перайменавалі, гэта было 30 лістапада, у казацкі ваенна-патрыятычны клуб», - адзначыла Кандратовіч.
Адзін чыноўнік прызнаўся, што рашэнне прынята на ўзроўні аблвыканкама. Паведамляць у раённую адміністрацыю не палічылі патрэбным. Цяпер у гродзенскім ліцэі № 1 будзе казачы клуб «Айчына» замест кадэцкага. Але казацкага ваеннага вучылішча ў Гродне пакуль няма. Таму куды будуць паступаць школьнікі - учорашнія кадэты, - пакуль невядома.
Гісторык Андрэй Вашкевіч перакананы, што казацкія традыцыі зусім не ўласцівыя Гродна, хоць нейкія казацкія атрады тут бывалі:
«У польскай арміі былі казацкія атрады, якія пераходзілі на бок палякаў падчас савецка-польскай вайны ў 1920 годзе. Нават у апошнім фільме аб абароне Варшавы там Дамагараў кіруе такой казачай сотняй. У Гродне ў міжваенны час існавала казацкая абшчына з удзельнікаў вайны на баку белых. Калі ў Гродне былі нейкія казакі, то яны былі белагвардзейскімі. Тая абшчына, якая ў міжваенны час існавала, - гэта былі антысаветчыкі з антысаветчыкаў. Далёка не ўсе белагвардзейцы змагаліся потым на баку немцаў, а гэтыя фактычна на баку немцаў ваявалі».
Фота БелТА