На ялінку - толькі пасля абшуквання
49- 4.12.2012, 19:22
У навагоднія святы сталічная міліцыя будзе працаваць ва ўзмоцненым рэжыме.
«Усе аб'екты правядзення масавых мерапрыемстваў будуць ачэпленыя, допуск на іх будзе здзяйсняцца толькі пасля асабовага надгляду. Людзі з забароненымі прадметамі туды дапускацца не будуць», - паведаміў 4 снежня начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі ГУУС Менгарвыканкама Юрый Сарокін, паведамляе БелаПАН.
Паводле ягоных словаў, у перадкалядны час традыцыйна павялічваецца колькасць правапарушэнняў, звязаных з выкарыстаннем петардаў, якое ў грамадскіх месцах кваліфікуецца як дробнае хуліганства. «У Менску афіцыйна дазволены продаж піратэхнічных вырабаў у спецыялізаваных крамах, аднак у грамадскім транспарце іх перавозіць нельга», - растлумачыў Сарокін.
На навагоднія святы ў сталіцы плануецца павялічыць колькасць маршрутаў грамадскага транспарту, адзначыў дырэктар прадпрыемства «Сталічны транспарт і сувязь» Валерый Шкуратаў.
«Мы павялічым колькасць маршрутаў, якія будуць прылягаць да аб'ектаў правядзення масавых мерапрыемстваў, у першую чаргу ў раёне Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Кастрычніцкай плошчы, Палаца спорту. На гэтых маршрутах будуць скарочаны інтэрвалы руху і падоўжаныя рэжымы працы », - сказаў Шкуратаў. Ён адзначыў, што асаблівая ўвага будзе нададзеная працы грамадскага транспарту пасля навагодняга феерверку, каб усе менчукі змаглі даехаць дадому.