8 траўня 2024, Серада, 2:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Human Rights Watch: ААН павінная прызначыць спецдакладчыка па Беларусі

10
Human Rights Watch: ААН павінная прызначыць спецдакладчыка па Беларусі

Беларускае пытанне будзе разглядацца на сесіі Рады па правах чалавека ААН у чэрвені.

Прайшоў год з таго часу, як ААН у чэрвені 2011 года выказала занепакоенасць беспрэцэдэнтнай хваляй парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі і папрасіла Вярхоўнага камісара па правах чалавека працягнуць праводзіць маніторынг сітуацыі.

У краіне працягваюцца парушэнні правоў чалавека, і яны павінныя быць разгледжаныя на сесіі Рады ААН па правах чалавека, якая пачнецца 18 чэрвеня 2012 года, піша Юлія Гарбунова, спецыялістка Human Rights Watch па Еўропе і Сярэдняй Азіі на сайце арганізацыі. Прыводзім вытрымкі з артыкула (пераклад charter97.org).

На сесіі будзе прынятае рашэнне аб мерах, якія варта прыняць у дачыненні да Беларусі. У красавіцкім дакладзе Вярхоўнага камісара паказаная карціна сур'ёзных парушэнняў «сістэмнага характару». Урад Беларусі робіць мноства крокаў, якія відавочна нацэленыя на «абмежаванне правоў на свабоду асацыяцый, сходаў і выказванне меркавання, а таксама права на справядлівае судовае разбіральніцтва», гаворыцца ў дакладзе.

Улады распачалі кампанію пераследу праваабаронцаў, журналістаў, адвакатаў. Актывісты апазіцыі рэгулярна падвяргаюцца адвольным арыштам і затрыманням па абвінавачваннях у «хуліганстве» у якасці прэвентыўнай меры дзеля прадухілення іх удзелу ў акцыях пратэсту. Адвакаты не могуць браць палітычныя справы з-за страху страціць ліцэнзію і пазбавіцца працы. Амаль усе НДА, якія крытыкуюць урад, сутыкаюцца са сталымі пагрозамі ці закрываюцца.

Усё гэта паказвае, што ступень рэпрэсій у краіне застаецца высокай. У мінулым годзе больш за дзесятак замежных актывістаў і праваабаронцаў былі выдвараныя з Беларусі. У якасці фінальнага кроку некаторым актывістам апазіцыі забаранілі выязджаць за межы краіны. Улады нават не паспрабавалі патлумачыць прычыны падобных забаронаў.

Тым не менш, можна і трэба спрабаваць аказваць ціск на рэпрэсіўны ўрад дзеля таго, каб прымусіць яго змяніць свае паводзіны. Дзеля гэтага можна выкарыстоўваць міжнародныя механізмы. Іншая рэзалюцыя Рады па правах чалавека заклікала да выкарыстання больш моцных механізмаў маніторынгу. Напрыклад, можна прызначыць спецдакладчыка, які б адсочваў парушэнні правоў чалавека. Сама наяўнасць такога інстытута магла б аказаць дапамогу ў развіцці грамадзянскай супольнасці ў краіне і зрабіла б мясцовых праваабаронцаў менш уразлівымі перад дзяржаўным пераследам. Гэта таксама дазволіла б наладзіць рэгулярнае ўзаемадзеянне паміж праваабаронцамі і ахвярамі рэпрэсій.

Пасля года крытыкі і санкцый Беларусь застаецца самай рэпрэсіўнай краінай у Еўропе. Але аслабляць ціск нельга. Міжнародныя структуры павінныя заставацца вернымі сваім абавязальніцтвам па абароне актывістаў грамадзянскай супольнасці і не паддавацца стомленасці.

Беларусь з'яўляецца цяжкай задачай, але міжнародная супольнасць павінная яе вырашыць - у тым ліку з дапамогай Рады па правах чалавека ААН.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках