8 траўня 2024, Серада, 0:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пофала: Не прыеду ў Менск, пакуль не вызваляць палітвязняў

6
Пофала: Не прыеду ў Менск, пакуль не вызваляць палітвязняў

(абноўлена) Пытанне палітвязняў застаецца асноўным ва ўзаемаадносінах Еўрапейскага звяза з уладамі Беларусі.

Пра гэта заявіў кіраўнік ведамства федэральнага канцлера Германіі Рональд Пафала падчас сустрэчы ў Вільні ўвечары 7 чэрвеня з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці Беларусі, паведаміў БелаПАН адзін з яе ўдзельнікаў - старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

«Пофала падкрэсліў, што пытанне палітвязняў застаецца балючай кропкай ва ўзаемаадносінах Еўрапейскага звяза і афіцыйнага Менска», - сказаў Лябедзька.

Кіраўнік ведамства федэральнага канцлера лічыць, што за гады знаходжання Аляксандра Лукашэнкі ва ўладзе сітуацыя ў Беларусі ніколі не была такой складанай і цяжкай, адзначыў Лябедзька. «Ён падкрэсліў, што не варта спадзявацца на цуды і нейкія хуткія перамены», - сказаў лідар АГП.

Сам Лябедзька, па ягоных словах, у ходзе сустрэчы «зрабіў акцэнт на тым, што стратэгіяй Еўразвяза акрамя пытання палітвязняў могуць і павінныя стаць сумленныя і вольныя выбары па еўрапейскіх стандартах». «Гэта можа быць выхадам з тупіку, - заявіў кіраўнік Аб'яднанай грамадзянскай партыі. - Будуць вольныя выбары ў Беларусі - будуць перамены».

Падводзячы вынікі сустрэчы, Лябедзька падкрэсліў, што важны сам факт яе правядзення з нямецкім палітыкам такога высокага ўзроўню, тым больш што ініцыятыва зыходзіла ад самога Пофалы.

«Гэта ягоная не першая сустрэча. Ён ужо даказаў сваю зацікаўленасць беларускай праблематыкай. Калі адзін з вядучых нямецкіх палітыкаў цікавіцца Беларуссю, гэта вялікі плюс дзеля ўсіх нас», - сказаў старшыня АГП.

8 чэрвеня ў Вільні на сустрэчы са студэнтамі Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта кіраўнік ведамства федэральнага канцлера Германіі таксама заявіў, што не збіраецца прыязджаць у Менск, пакуль не вызваляць палітвязняў.

«Я вельмі люблю Беларусь, але не буду наведваць Менск, пакуль не будзе вызвалены апошні палітвязень», - заявіў Рональд Пофала.

У сваім выступе Пофала таксама закрануў праблемы смяротнага пакарання ў Беларусі.

«Некалькі месяцаў таму мы перажылі 2 смяротныя пакаранні, якія адбыліся, нягледзячы на тое, што назіральнікі паведамлялі: працэс па гэтай справе не адказваў прынцыпам прававой дзяржавы. Я не хачу вылучаць тэзіс аб магчымай невінаватасці злачынцаў, але я хачу толькі сказаць, што ў прававых дзяржавах падобныя працэсы доўжацца месяцамі, праводзяцца шматлікія экспертызы і, самае галоўнае, дзейнічае прынцып, згодна з якім любыя сумневы тлумачацца на карысць абвінавачаных», - сказаў нямецкі палітык .

Пофала падкрэсліў, што ўсе гэтыя прынцыпы не былі выкананыя ў судзе над Канавалавым і Кавалёвым, абвінавачанымі ў тэрарызме і пакараны смерцю праз тры з паловай месяцы пасля вынясення прысуду.

Адзначыўшы, што Еўразвяз папракаюць у павольным прыняцці рашэння па пытанні санкцый у дачыненні да Беларусі, Пофала заявіў: «Я прытрымліваюся пункту гледжання, што з санкцыямі трэба быць асцярожнымі, каб яны не нашкодзілі беларускаму народу».

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках