6 траўня 2024, панядзелак, 18:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як сербы далі адпор рэжыму Мілошавіча

40
Як сербы далі адпор рэжыму Мілошавіча

Адзін з заснавальнікаў руху супраціву ў Сербіі распавёў пра досвед зрынання аўтарытарнай улады.

5 кастрычніка 2000 быў скінуты прэзідэнт Сербіі Слабадан Мілошавіч. Дакладней, пад націскам грамадскіх пратэстаў, на чале якіх стаяла моладзь з руху «Отпор» (у перакладзе на беларускую «Супраціў»), Мілошавіч прызнаў, што саступіў на выбарах, якія прайшлі ў верасні таго года. Збоку магло здавацца, што сербская рэвалюцыя доўжылася адзін дзень. Аднак напраўду барацьба супраць Мілошавіча доўжылася дзесяць гадоў і скончылася поспехам толькі тады, калі на чале яе сталі людзі, якія цураліся палітычных партый і абралі ўласныя негвалтоўныя метады супраціву рэжыму, паведамляе Расейская служба «Радио Свобода».

Адзін з заснавальнікаў руху «Отпор» Іван Маравіч распавядае пра тое, як невялікая група сербскай апазіцыйнай моладзі здолела пераканаць астатнюю частку грамадства.

- Ёсць розныя міфы пра тое, дзе і як узнік студэнцкі рух «Отпор», пазней пераўтвораны ў агульнанародны. Кажуць, што гэта адбылося ўвосень 1998 года, на невялікім сходзе ў кавярні ў цэнтры Бялграда, у атмасферы роспачы ад сітуацыю ў краіне. І на гэтым першым сходзе былі вы і яшчэ адзінаццаць вашых маладых аднадумцаў.

- Гэта праўда, што рух «Отпор» быў заснаваны ў кавярні, аднак усё ж больш важна, чаму тыя людзі, якія сфармавалі рух, апынуліся ў гэтай кавярні. У 1996-1997 гадах у Сербіі прайшлі масавыя студэнцкія пратэсты, якія доўжыліся 4 месяцы. Яны былі выкліканыя тым, што вынікі мясцовых выбараў у лістападзе 1996 года былі на загад Мілошавіча падробленыя. З дапамогай студэнцкіх і грамадзянскіх пратэстаў здолелі дамагчыся скасавання гэтых вынікаў, але не была дасягнутая галоўная мэта - змена рэжыму Мілошавіча.

- Барацьба супраць Слабадана Мілошавіча вялася на вуліцах Сербіі з 1991 года. Збольшага ў ёй бралі ўдзел апазіцыйныя партыі, якія дзейнічалі класічнымі метадамі: з дапамогай мітынгаў і дэманстрацый. Вы тады яшчэ былі амаль дзіцем.

- Калі 9 сакавіка 1991 года ў Сербіі прайшла першая масавая дэманстрацыя супраць Мілошавіча, я вучыўся ў сярэдняй школе. Гэты пратэст быў здушаны з дапамогай вайскоўцаў: Мілошавіч вывеў на вуліцы Бялграда танкі, разагнаў дэманстрацыю, арыштаваў вялікую колькасць яе ўдзельнікаў і лідараў. Наколькі я сябе памятаю, з таго часу, як я атрымаў права голасу, я ўдзельнічаў у гэтай сталай барацьбе супраць Мілошавіча. Асабіста я і маё пакаленне далучыліся да яе менавіта ў 1996 годзе, калі мы, студэнты, арганізавалі свае дэманстрацыі. У нашай асобе дэмакратычныя сілы ў барацьбе супраць Мілошавіча атрымалі свежую кроў. Я лічу, што менавіта гэта і было пераломным момантам. Калі паглядзець на першыя пяць гадоў гэтай барацьбы, з 1991 да 1996 гады, то яе лідарамі былі апазіцыйныя палітычныя партыі і інтэлігенцыя. Аднак, пачынаючы з 1996 года, з нашага студэнцкага пратэсту, да барацьбы далучыліся, а потым і ўзначалілі яе, студэнцкія і няўрадавыя арганізацыі, нефармальныя групы з усёй Сербіі, незалежныя сродкі інфармацыі і розныя прафзвязы.

- І ўжо праз месяц пасля заснавання руху «Отпор» мела цвёрдае ядро з трыццаці чалавек, а праз два гады ў яго шэрагах было больш за 70 тысяч актывістаў. Ідэя негвалтоўнага супраціву пачала пашырацца па ўсёй Сербіі. Чаму вы абралі такі шлях - палітычную барацьбу па-за палітычнымі партыямі?

- Мы ўбачылі, што так, як палітыкі вядуць барацьбу супраць Мілошавіча, перамагчы нельга. Яму заўсёды ўдавалася перахітрыць іх, пасеяць паміж імі разлад, зладзіць інтрыгі, прымусіць іх марнаваць час у бессэнсоўных сварках і абвінавачваннях. А калі гэта Мілошавічу не ўдавалася, то ён ужываў рэпрэсіі, у тым ліку жорстка караў незалежныя сродкі масавай інфармацыі. Былі выпадкі, калі ён выкарыстоўваў так званыя «эскадроны смерці» - аддзелы спецыяльнага прызначэння пры Службе дзяржбяспекі, якія знішчалі тых палітычных лідараў, якія здаваліся ім небяспечнымі. Так імі быў выкрадзены і потым забіты былы прэзідэнт Сербіі, папярэднік Слабадана Мілошавіча, Іван Стамболіч. Так быў забіты галоўны рэдактар вельмі папулярнага ў той час незалежнага штотыднёвіка «Тэлеграф» Слаўка Чурувія. Была спроба забойства лідара найбуйнейшай на тыя часы апазіцыйнай партыі «Сербскі рух абнаўлення» Вука Драшкавіча.

Таму маё пакаленне, тыя, з кім разам я браў удзел у студэнцкіх пратэстах, людзі, якія былі па-за палітычнымі партыямі, зразумелі, што барацьба супраць Мілошавіча можа быць паспяховай толькі ў тым выпадку, калі да яе наўпрост будуць далучаныя ўсе тыя, хто да тых часоў быў толькі назіральнікам, - звычайныя людзі, перш за ўсё, людзі, якія жывуць за межамі Бялграда.

- Гэта, наколькі я разумею, была асноўная ідэя пры стварэнні моладзевага руху супраціву - далучыць да яго ўсе пласты грамадства і ператварыць яго ў агульнанародны рух.

- Так, асноўнай ідэяй была праца з людзьмі па-за палітычнымі партыямі, з тымі, хто не ўдзельнічаў у палітыцы, хто нават не знаходзіўся ў інфармацыйным полі незалежных сродкаў інфармацыі. Так мы здолелі далучыць да палітычнай барацьбы новае пакаленне і новыя, датуль пасіўныя, пласты грамадства. На гэта Мілошавіч адказу не знайшоў, бо ён умеў развязваць толькі тыя праблемы, якія яму стваралі традыцыйныя палітычныя апаненты, а да новага тыпу палітычных апанентаў ён абсалютна не быў гатовы.

- Патлумачце галоўныя прынцыпы, на якіх вы будавалі рух «Отпор», сваю барацьбу супраць рэжыму Слабадана Мілошавіча.

- Першы прынцып быў вылучаны практычна яшчэ да таго, як рух «Отпор» быў заснаваны афіцыйна: барацьба супраць Мілошавіча павінна быць палітычнай і негвалтоўнай. Сербія і ўся былая Югаславія ў тыя часы праходзіла праз крывавае разбурэнне і серыю войнаў - ад Славеніі, Харватыі, Босніі і Герцагавіны да Косава. Менавіта таму мы жорстка намагалі негвалтоўнай барацьбы.

Другі прынцып - не мець канкрэтнага і выяўнага лідара. Да гэтага ўсе лідары падобных рухаў альбо сталі ахвярамі шантажу, альбо былі арыштаваныя, альбо іх скампраметавалі. Мы зразумелі, што студэнцкія лідары - тавар, які вельмі хутка псуецца, і таму трэба арганізоўваць рух, у якім няма выяўнага лідара. Замест лідараў мы вылучылі на першы план сімволіку - сімвал сціснутага кулака і назву «Отпор».

А пра трэці прынцып я ўжо сказаў раней: патрэба далучыць да руху людзей, якія дагэтуль цураліся палітыкі. Досвед нашага студэнцкага пратэсту 1996 паказаў, што цягам чатырох месяцаў, калі не было заняткаў, калі мы штодня выходзілі на дэманстрацыі, а ўвечары праводзілі круглыя сталы ды іншыя акцыі, у ста метрах ад нас на вуліцы ішло нармальнае жыццё: людзі хадзілі на працу , у крамы, у рэстарацыі, гулялі, быццам нічога не адбываецца. Таму мы ўсталявалі прынцып пашырэння, далучэння да руху супраціву ўсіх тых, хто быў «пабочным» у палітыцы.

- Рух «Отпор» стаў папулярным дзякуючы дасціпным акцыям, якія часам набывалі элементы вулічнага карнавалу, іранічным жартам на адрас рэжыму, свайго арыгінальнага гумару. Памятаю, як у цэнтры Бялграда праводзілася акцыя «Грошы за змену»: актывісты з «Отпору» паставілі бочку, на якую наляпілі фота Слабадана Мілошавіча. Можна было апусціць туды дробязь, а наўзамен атрымаць задавальненне даць аплявуху дыктатару. Паліцыі давялося «арыштаваць» бочку. Праваахоўныя органы таксама «арыштавалі» жывую індычку, якую сябры руху супраціву ўзнагародзілі вялікай чырвонай кветкай у штаб-кватэры партыі ЮЛ(«Ліпень») жонку Слабадана Мілошавіча Мір'яну Маркавіч у горадзе Крагуевац. Мір'яна заўсёды насіла ў валасах кветку, і ўсе над гэтым падсмейваліся. А ў дзень поўнага сонечнага зацьмення летам 1999 года ў Сербіі стаў папулярным лозунг: «Гэта не канец свету, гэта падае рэжым». Што ў Вас самога адбілася ў памяці? Бо Вы асабіста ўважаліся за аднога з самых дасціпных сябраў руху, ініцыятарам шмат якіх падобных акцый.

- Было сапраўды шмат розных цікавых падзей, былі таксама вельмі драматычныя падзеі, напрыклад, калі нас абвясцілі тэрарыстычнай арганізацыяй, і пайшла хваля арыштаў нашых актывістаў. Тысячы людзей былі затрыманыя, і мы баяліся, што будзе далей. Але ў гэтым хаосе з абвінавачваннямі ў тэрарызме мы наважылі зрабіць крок у адказ: калектыўна ўступіць у шэрагі кіраўнічай Сацыялістычнай партыі Мілошавіча. Нашы актывісты ва ўсёй Сербіі адначасова пайшлі ў мясцовыя прадстаўніцтвы Сацпартыі і запатрабавалі выдаць ім партыйныя пасведчанні. Партыйныя функцыянеры на месцах жахаліся: з чаго гэта раптам такая колькасць моладзі, ды яшчэ і з «Отпору», наважылі ўступіць у партыю! Былі гарады, дзе чыноўнікі проста замкнуліся на ключ, а ў горадзе Кралева нашых актывістаў сустрэлі вельмі ветліва і сапраўды прынялі ў Сацпартыю.

- Чаго вы больш за ўсё баяліся? Вонкава падчас вашых вулічных акцый шмат што выглядала нават весела, аднак было таксама відавочна, што рэжым нерваваўся. Было шмат выпадкаў, калі паліцыя пагражала не толькі Вам, але і Вашым бацькам. Вам не было страшна?

- У тыя часы ў нас панаваў ўсеагульны страх перад рэпрэсіямі, але не з боку паліцыі. Як я ўжо сказаў, існавалі аддзелы знішчэння палітычных апанентаў, і ў тыя часы некаторыя людзі проста зніклі. Мы баяліся, што гэтак жа знікнем і мы. Гумар, які мы карысталіся ў барацьбе, служыў нам і для таго, каб разагнаць страх. А людзі ў Сербіі больш за ўсё памятаюць «Отпор» менавіта праз гумар.

- І вось прыйшло 5 кастрычніка 2000. Мінула роўна два гады з моманту фармавання руху супраціву рэжыму, і надышоў дзень усеагульнага паўстання ў краіне. Ва ўсёй Сербіі, на дамах, аўтамабілях, на трактарах і камбайнах былі намаляваныя тысячы знакаў «Отпору» - стылізаваных сціснутых кулакоў. Моладзь надзявала футболкі з сімвалам галоўнай палітычнай сілы тых часоў, амаль кожны таксіст ў Бялградзе ўпрыгожыў свой самаход значком руху «Отпор». Перад нечарговымі выбарамі ў верасні 2000 года «Отпор» заклікаў людзей аб'яднацца пад лозунгам «Час прыйшоў!», а дэмакратычная апазіцыя яго падтрымала. Калі Мілошавіч адмовіўся прызнаць, што ён саступіў на выбарах, менавіта са знакамі руху «Отпор» і з новым лозунгам «Ён гатовы!» 5 кастрычніка сотні тысяч людзей з усёй Сербіі рушылі ў сталіцу Бялград. Яны занялі будынак парламента і дзяржаўнай тэлевізіі. Паліцыя атрымала загад дзейнічаць супраць дэманстрантаў, але адмовілася падпарадкоўвацца. Войскі засталіся ў казармах. На наступны дзень Слабадан Мілошавіч прызнаў паразу і сышоў з палітыкі. А якім Вы памятаеце той дзень 5 кастрычніка?

- Мой выпадак быў спецыфічным: за некалькі тыдняў да гэтага мяне забралі ў войска. Таму я 5 кастрычніка перажыў у войску, адрознена ад маіх таварышаў, якія ўдзельнічалі ў дэманстрацыях і прысутнічалі пры зрынанні рэжыму Мілошавіча. А я напраўду павінен быў абараняць Мілошавіча. Аднак, знаходзячыся на найніжэйшай прыступцы вайсковай герархіі, я заўважыў, што ў ніжэйшых афіцэрскіх і сяржанцкіх пластах, як і сярод жаўнераў, не было ахвоты ўдзельнічаць у разгоне дэманстрацый. Я не ведаю, што думалі вышэйшыя афіцэры, але ў мяне склалася ўражанне, што войскі ў цэлым адмовіліся б пайсці на дэманстрантаў. Бо шмат якія вайскоўцы, накшталт мяне, былі гвалтоўна адпраўленыя служыць у войска, і часцей за ўсё адпраўлялі тых, хто супраціўляўся рэжыму Мілошавіча. А ў шмат якіх прафесійных вайскоўцаў былі дзеці, сваякі, сябры, якія бралі ўдзел у дэманстрацыях супраць крадзяжу іхніх галасоў на выбарах. У мяне склалася ўражанне, што да 5 кастрычніка сістэма ўжо была перад крахам, а няздольнасць рэжыму бараніць сябе была наступствам, з аднаго боку, занадта відавочнай спробы Мілошавіча сфальсіфікаваць вынікі выбараў, а з другога - двухгадовай барацьбы «Отпору» і дзесяцігадовай барацьбы апазіцыі і грамадзян Сербіі супраць рэжыму Мілошавіча.

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках