Аргентынскія прафсаюзы падтрымалі рабочых Мазырскага НПЗ
2- 25.10.2013, 13:20
- 6,286
Грамадскія дзеячы і палітыкі Аргентыны выступілі ў абарону звольненых рабочых.
Заява пра гэта была дасланая ў рэдакцыю charter97.org.
«Мы лічым непрымальным дыскрымінацыйную палітыку прыгнёту сяброў прафсаюза нафтаперапрацоўчага завода ў Мазыры, якую праводзіць кіраўніцтва прадпрыемства ў асобе генеральнага дырэктара Анатоля Купрыянава, - гаворыцца ў дакуменце. - Такі ход з боку кіраўніцтва фабрыкі з'яўляецца сур'ёзным парушэннем правоў рабочых, гарантаваных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і канвенцыяй Міжнароднай арганізацыі працы, ратыфікаванай Рэспублікай Беларусь. Мы патрабуем спыніць пераследы сяброў прафсаюза Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода».
Заяву падпісалі больш за 30 чалавек, у тым ліку лідары аргентынскіх прафсаюзаў і дэпутаты і палітыкі.
Нагадаем, на днях адміністрацыя прадпрыемства звольніла адразу пецярых сяброў незалежнага прафсаюза - работнікаў праектна-канструктарскага аддзела мужа і жонку Генадзя і Таццяну Баброўнікаў, а таксама работнікаў цэха №12 Уладзіміра Ключнікава, Аляксея Ермака і Івана Шабана. На гэтых работнiкаў па наўмысна сфабрыкаваных абвінавачваннях былі накладзеныя шматлікія спагнанні, якія з'явіліся падставай для таго, каб не падаўжаць з імі тэрміновыя працоўныя кантракты.
У незалежным прафсаюзе ўпэўненыя, што спагнанні, накладзеныя на гэтых работнікаў, ніякім чынам не адпавядаюць цяжару зробленых імі парушэнняў, а таксама супярэчаць нормам Працоўнага Кодэкса. Звароты незалежнага прафсаюза ў адміністрацыю прадпрыемства, пракуратуру і суд для таго, каб абараніць сваіх сяброў, у гэтым, як і ў многіх іншых выпадках, ні да чаго не прывялі.