У Аляксандра Малчанава памёр бацька
22- 21.11.2013, 16:13
- 19,741
Валерый Малчанаў памёр сёння ў Барысаве.
Пра гэта былы палітвязень паведаміў у сваім акаўнце ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук». «Сёння памёр мой бацька», - напісаў Аляксандр Малчанаў.
У мінулым годзе актывіст апазіцыі страціў маці. Яна памерла ў ноч з 8 на 9 чэрвеня, у той час, калі ён знаходзіўся ў турме. Адміністрацыя Жодзінскага СІЗА, дзе ён чакаў чарговага суда, адмовілася дазволіць яму развітацца з маці і прысутнічаць на яе пахаванні.
Нагадаем, Аляксандра Малчанава затрымалі па крымінальнай справе за Плошчу ў Барысаве 6 студзеня 2011 года. Аляксандру было прад'яўлена два абвінавачанні па справе аб масавых беспарадках: ва ўдзеле ў іх, а таксама ў абразе падчас акцыі дзяржаўных сімвалаў. Змешчаны пад варту ў СІЗА КДБ.
2 сакавіка 2011 года асуджаны ў Фрунзенскім судзе Менска на 3 гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакаранне ў калоніі №15 Магілёва, адкуль быў вызвалены 14 верасня 2011 года на падставе памілавання Лукашэнкі ў ліку іншых палітычных зняволеных.
Неўзабаве супраць Аляксандра была заведзеная другая крымінальная справа. У лістападзе 2011 года ён быў арыштаваны другі раз у Барысаве і змешчаны пад варту ў ІЧУ. На гэты раз апазіцыянера абвінавацілі ў крадзяжы металалому. Аляксандр не мог уладкавацца на працу, так як яго нікуды не бралі пасля палітычнага суда, і ён зарабляў на жыццё сабе і бацькам-пенсіянерам зборам металалому. Ён кажа, што на тэрыторыю завода, якая не ахоўваецца, жыхары горада звычайна заходзілі за металічнымі адходамі вытворчасці. 9 красавіка 2012 года асуджаны на 1 год 6 месяцаў калоніі ўзмоцненага рэжыму. На волю ён выйшаў летам 2013 года.
Сайт charter97.org выказвае шчырыя спачуванні Аляксандру Малчанаву ў сувязі са смерцю бацькі.