17 траўня 2024, Пятніца, 8:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менскіх школьнікаў папрасілі здаць рыззё

60
Менскіх школьнікаў папрасілі здаць рыззё

А гомельскія школьнікі збіраюць па пяць бульбін.

- У школе, дзе вучыцца мой сын, сказалі, што наш клас павінен сабраць 17 кілаграмаў рыззя, - патэлефанавала ў рэдакцыю чытачка «Комсомольской правды в Беларуси». - І дзе яго браць? Мы дома рыззё не збіраем, я наогул з цяжкасцю ўяўляю, што гэта такое. Настаўніца ледзь не плача, баіцца не выканаць план.

- Для чаго школьнікі збіраюць рыззё? А яшчэ кажуць, што хутка будуць прасіць прыносіць у школу шклотару…

- Быць не можа, каб папрасілі прынесці ў школу бутэлькі або старую вопратку, - здзівілася намесніца начальніка аддзела выхаваўчай і ідэалагічнай работы Камітэта адукацыі Менгарвыканкама Надзея Вялікая. - У дзяржпраграме («Дзяржаўнай праграме збору (нарыхтоўкі) другасных матэрыялаў, матэрыяльных рэсурсаў 2009-2015 гады», - Рэд.) прапісаны збор усёй другаснай сыравіны. Але рыззём займаемся не мы. Будаўнічыя, тэкстыльныя адходы, палімеры, зношаныя шыны, адходы шкла - усім гэтым займаюцца заводы і іншыя прадпрыемствы. Установы адукацыі збіраюць толькі адходы паперы, макулатуру - паперу, старыя газеты, кардон...

Са слоў прадстаўніка Камітэта адукацыі, усе школы апавясцілі пра акцыю ў зборы другаснай сыравіны, а Менгарвыканкам наладзіў супрацоўніцтва з двума кампаніямі, якія займаюцца яе зборам і перапрацоўкай. Гэтыя кампаніі гатовыя ўзнагароджваць і заахвочваць дзяцей за старанне.

- Адзін конкурс ужо прайшоў, ён называўся «Зялёная школа», - распавядае чыноўніца. - У панядзелак узнагародзяць лепшых: клас - пераможца ў зборы макулатуры паедзе на экскурсію ў Чашнікі на папяровую фабрыку «Чырвоная зорка». Ці дрэнна гэта? Не, выдатна! Для дзяцей гэта добры стымул - гэта карысная праца, і другасная сыравіна не знікае.

Гомельскіх школьнікаў прасілі прынесці па пяць бульбін

Традыцыйна кожны год напачатку восені ў гомельскіх школах праходзіць акцыя: дзецям прапануюць прынесці па пяць бульбін для адзінокіх пажылых людзей.

- Хтосьці можа прынесці і па дзве бульбіны, а хтосьці - адразу палову меха. У некалькіх школах сабралі па пяць - шэсць мяшкоў бульбы, якія мы завезлі адзінокім пенсіянерам. Сутнасць акцыі ў тым, каб выхоўваць міласэрнасць у дзецях. Разам са школьнікамі мы завозім сабраную бульбу старым, інвалідам, некаторыя з іх часта плачуць ад удзячнасці, - распавяла старшыня арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага крыжа Савецкага раёна Гомеля Валянціна Палонская.

Аднак новаўвядзенне гомельскіх уладаў закранула не толькі школы, але і каледжы.

Пра гэта сайту charter97.org паведаміў адзін з чытачоў.

«У Гомельскім медыцынскім каледжы таксама збіраюць па кілаграме бульбы са студэнта. Нават не кажуць, куды. Яшчэ кожную суботу прымушаюць зграбаць лісце і прыбіраць тэрыторыю то ў парках, то проста вакол жылых дамоў», - піша ён.

Напісаць каментар 60

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках