30 красавiка 2024, aўторак, 13:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пятрас Аўштравічус: Надзеі на змяненне пазіцый ўладаў Беларусі няма

7
Пятрас Аўштравічус: Надзеі на змяненне пазіцый ўладаў Беларусі няма

Афіцыйны Менск наўмысна тармозіць удзел Беларусі ў праектах праграмы ЕЗ.

Пра гэта заявіў віцэ-спікер Сейма Літвы Пятрас Аўштравічус. У інтэрв'ю Deutsche Welle літоўскі парламентар пракаментаваў вынікі віленскага форуму для Беларусі і далейшую перспектыву развіцця адносінаў з ЕЗ і Літвой.

- У чэрвені ЕЗ зняў візавыя санкцыі з кіраўніка МЗС Беларусі Уладзіміра Макея, каб адкрыць канал для камунікацыі з Менскам, у тым ліку і па пытанні аб вызваленні палітвязняў. Як вы ацэньваеце вынік удзелу ў віленскім саміце «Усходняга партнёрства» афіцыйнай дэлегацыі з Беларусі?

- Надзея на змяненне пазіцыі беларускага кіраўніцтва знікла яшчэ напярэдадні саміту. Я лічу, што Менск наўмысна адмовіўся ад выкарыстання каналаў супрацоўніцтва, якія можна было б зноўку развіваць з Еўразвязам і ўсім заходнім светам пасля вызвалення палітвязняў.

На жаль, Беларусь сама сыходзіць з зоны ўзаемадзеяння і па ўсіх параметрах адстае ад іншых краін-удзельніц, якія рэалізуюць сумесныя праекты ў рамках праграмы «Усходняе партнёрства». Гэта вельмі крыўдна, але саміт у Вільні паказаў, што адносіны паміж ЕЗ і Беларуссю не маюць дынамікі.

- На саміце Уладзімір Макей заявіў пра гатоўнасць Менска да перамоваў аб спрашчэнні візавага рэжыму для беларусаў. Ці можна расцэньваць гэта як крок да супрацоўніцтва з ЕЗ? Нагадаю, што яшчэ нядаўна беларускія ўлады адмаўляліся падпісваць пагадненне аб рэадмісіі, якое ўваходзіць у пакет дакументаў аб візавай лібералізацыі.

- Калі беларускія ўлады гатовыя да дыялогу аб візах, ЕЗ павінен зрабіць крок насустрач. Складанасці ў атрыманні віз для грамадзян гуляюць толькі на руку Лукашэнку і яго прапагандзе пра тое, што ў суседніх з Беларуссю краінах Еўразвяза пануе крызіс, і няма ніякіх пазітыўных зменаў. Афіцыйнаму Менску лягчэй маніпуляваць розумамі, чым мець справу з вольнымі людзьмі. Для беларусаў, якія ніколі не былі нідзе, акрамя Расеі, паездкі ў ЕЗ дапамаглі б лепш даведацца аб сітуацыі. Лічу, што для пачатку можна знізіць кошт візы з 60 да 35 еўра.

Але я сумняваюся, што ўслед за заявай Макея на віленскім саміце рушаць услед актыўныя дзеянні з боку Менска. Справа ў тым, што Беларусь доўгі час затрымлівае падпісанне ўжо падрыхтаванай дамовы аб малым памежным руху з Літвой.

А з гэтага можна было б пачынаць, паколькі магчымасць свабоднага перамяшчэння атрымала б насельніцтва прымежнай зоны, якое жыве на адлегласці 50 кіламетраў па абодва бакі ад літоўска-беларускай мяжы. А гэта 600 тысяч беларусаў і 800 тысяч літоўцаў. Але рэалізацыя такой дамоўленасці да нядаўняга часу была не на руку кіруючай эліце Беларусі. Таму пакуль гатоўнасць Менска да візавых перамоваў можна расцэньваць як дэкларацыю аб намерах.

- Часта даводзіцца чуць, што ЕЗ стаміўся ад безвыходнасці ў вырашэнні «беларускага пытання». Як у далейшым варта развіваць адносіны з Беларуссю Еўразвязу і Літве?

- Лічу, што браць тайм-аўт было б недаравальнай памылкай ЕЗ. Ізаляцыя дае толькі адмоўныя вынікі. І пры ўсім песімізме цяперашняй сітуацыі варта глядзець у доўгатэрміновую перспектыву. Я мяркую, што Беларусь, гэтак жа як і Украіна, стануць на ногі тады, калі пачнуць рэформы, каб развіваць рынкавую эканоміку на аснове свабоднага гандлю і не баяцца канкурэнцыі. І тут галоўнымі партнёрамі маглі б стаць краіны ЕЗ. Таму трэба падтрымліваць і пашыраць кантакты з тымі сіламі, якія выступаюць за будучыню Беларусі ў Еўропе і не шукаюць выхад толькі ў Мытным саюзе, як у праекце, які зможа выцягнуць за вушы эканоміку.

Што да Літвы, то палітычныя кантакты з Беларуссю на вышэйшым узроўні, згодна з крытэрыямі Еўразвяза, будуць замарожаныя да таго часу, пакуль не будзе вырашана пытанне з палітвязнямі. Пры гэтым у галіне эканомікі беларуска-літоўскія адносіны будуюцца на рынкавых інтарэсах, і няма гаворкі пра эканамічны байкот. Хоць у пытанні бяспекі для Літвы атамнай станцыі, якая будуецца ў беларускім Астраўцы, нашы думкі сур'ёзна разыходзяцца. І гэта можа быць у будучыні вялікай праблемай у двухбаковых адносінах.

Але яшчэ раз хачу нагадаць, што патрабаванне вызваліць беларускіх палітвязняў - гэта тая рыса, ад якой ЕЗ адступаць не мае намеру. Цяжка мець зносіны на паўнавартаснай аснове з краінай, у якой за кратамі знаходзяцца тыя, хто змагаўся за свае правы і дэмакратычнае раўнапраўе ўсіх палітычных сілаў у краіне. Я не бачу ніякіх стратэгічных рызык для ўладаў Беларусі ў вызваленні гэтых людзей. Заяўляючы пра жаданне супрацоўнічаць, Менск павінен зразумець, што ў яго сілах адкрыць новы этап у адносінах з ЕЗ.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках