28 красавiка 2024, Нядзеля, 2:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску паркаматы не спраўляюцца з наплывам наведвальнікаў

25
У Менску паркаматы не спраўляюцца з наплывам наведвальнікаў

Для вырашэння праблемы ўлады прапануюць павысіць тарыфы.

Выехаць з парковак бывае складана з-за таго, што некаторыя купюрапрыёмнікі адмаўляюцца браць грошы.

- Дзяўчына, можа, вы дапаможаце нам аплаціць паркоўку? Ужо ўсе купюры спрабавалі яму даць, а ён не бярэ, - пачула журналістка «Комсомольской правда в Беларуси» у сераду ўвечары каля паркаматаў на плошчы Свабоды ад замежных дыпламатаў (былі на службовай машыне з нумарамі амбасады).

Паркаматы ў Менску пачалі з'яўляцца з лета мінулага года. Сістэма замяніла мужчын у яркіх камізэльках, якія фіксавалі час прыезду, выпісвалі квітанцыі і бралі грошы. Цяпер іх працу робіць тэхніка. Пад'язджаеш да шлагбаўма, націскаеш на кнопку і забіраеш кардонную картку з магнітнай паласой. Ставіш машыну на любое вольнае месца. Перад тым як сесці за руль і выехаць з паркоўкі, ідзеш да паркаматаў. Устаўляеш картку, глядзіш на табло суму, якую трэба заплаціць, устаўляеш грошы ў купюрапрыёмнік (калі трэба, аўтамат яшчэ і здачу выдасць), забіраеш картку. Пад'язджаеш да шлагбаўма, устаўляеш ў апарат картку, шлагбаўм адчыняецца.

Сістэма здавалася журналістцы вельмі простай і зручнай да таго часу, пакуль яна сама не стала яе закладнікам. Каб выехаць з паркоўкі, прыйшлося тэлефанаваць у службу тэхпадтрымкі. Шлагбаўм адкрылі. Праўда, сістэма апынулася хітрай: шлагбаўм зачыняецца адразу ж, як праязджае машына. Таму пасля таго як машына з нумарамі амбасады выехала, ёй прыйшлося зноў тэлефанаваць і тлумачыць аператару сваю праблему. Дарэчы, плаціць за час знаходжання на паркоўцы ім не прыйшлося - усё спісалі на тэхнічны збой.

Цікава, а што ж будзе, калі на чэмпіянат свету па хакеі прыедуць натоўпы турыстаў? Як ім растлумачыць збоі ў сістэме?

АФІЦЫЙНА

«Трэба павысіць тарыф за паркоўку, каб паменшыць колькасць машын»

- Праблема існуе, - каментуе в.а. дырэктара ДУ «Паркоўкі сталіцы» Аляксандр Буйко. – Купюрапрыёмнікі не спрацоўваюць на беларускія грошы. Мы ўжо замовілі новыя, японскай фірмы, якія да Новага года ўсюды ўсталюем. Мы ўсімі сіламі спрабуем вырашыць гэтую праблему. Гэта наша балючае месца.

- Калі аўтамат зламаны, то чаму нельга падняць шлагбаўм і адправіць туды спецыяліста, які ўсё паправіць?

- Усе сігналы аб збоях мы бачым і правяраем. Не падымаем па той прычыне, што некаторыя людзі спрабуюць схітраваць. Кажуць, што аплацілі паркоўку, а шлагбаўм не адчыняецца. Ці яны не могуць атрымаць рэшту. Хоць на самой справе гэта не так.

- Збоі часта адбываюцца?

- Яны адбываюцца рэгулярна. Менш усяго - на паркоўцы каля ЦУМа. У Верхнім горадзе вельмі вялікая нагрузка. Таму і тэхніка не спраўляецца. Ёсць нават меркаванне, што трэба павысіць там тарыф за паркоўку, каб паменшыць колькасць машын.

Фота: Павел Марцінчык

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках