28 красавiка 2024, Нядзеля, 12:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Удзельнікі Еўрамайдана выкрылі міліцыянта-правакатара

23

Украінскія ўлады паводле прыкладу сваіх беларускіх калег шырока выкарыстоўваюць правакатараў для дыскрэдытацыі апазіцыі.

Шмат каго ўдалося выкрыць удзельнікам акцый пратэсту, піша UAinfo.

Адзін з іх - Усевалад Філімоненка - прыкрываўся пасведчаннямі памочніка народнага дэпутата Украіны Алега Ляшко і журналіста газеты «Свабодны рэпарцёр», а таксама называў сябе старшынём Луганскай абласной арганізацыі Усеўкраінскага незалежнага прафсаюза «Працоўныя». Разам са сваімі прыспешнікамі малады чалавек працяглы час пазіцыянаваў сябе, як актывіста апазіцыі, адчайна заклікаў браць вілы і здзяйсняць рэвалюцыю, дэманстратыўна прыкоўваў сябе кайданкамі да агароджы адміністрацыі прэзідэнта. Ён нават быў дэманстратыўна затрыманы атрадам «Беркута» і дзіўна хутка вызвалены.

Раскрыць правакатара дапамаглі сацыяльныя сеткі. На сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» ён абражаў лідараў апазіцыі і патрабаваў падняць зарплату міліцыянтам. Канчаткова пераканацца ў прыналежнасці правакатара да сілавікоў дапамагла яго фатаграфія ў міліцэйскай форме.

Фота: uainfo.org
Фота: uainfo.org

Сёння раніцай мітынгоўцы ў Кіеве затрымалі на Майдане Незалежнасці яшчэ двух падазроных мужчын. Дэманстранты, як і ў апісаным вышэй выпадку, упэўненыя, што гэта правакатары. У маладых людзей знайшлі пісталеты, спісы выдаткаў мітынгоўцаў і пропускі ў штаб Еўрамайдана.

Маладых людзей перадалі ў рукі міліцыі.

Акцыі пратэсту супраць зрыву еўраінтэграцыі праходзяць ва Украіне другі тыдзень. Актыўны ўдзел у іх бяруць і прадстаўнікі беларускіх апазіцыйных арганізацый. Пратэсты набылі масавы і бесперапынны характар пасля 30 лістапада, калі «Беркут» сілай зачысціў Майдан Незалежнасці ад мітынгоўцаў.

Ужо днём 30 лістапада тысячы украінцаў самаарганізаваліся і выйшлі на Міхайлаўскую плошчу, каб выказаць свой пратэст супраць сілавога разгону мірнага мітынгу. На наступны дзень у Кіеве сабралася Народнае веча, арганізаванае апазіцыяй, на якое выйшла некалькі соцень тысяч чалавек. Пратэстоўцы занялі частку будынка Кіеўскай гарадской адміністрацыі і Дом прафсаюзаў.

Вярхоўнай Радзе Украіны не ўдалося адправіць у адстаўку ўрад, як таго патрабавала апазіцыя. У адказ дэманстранты заблакавалі яшчэ шэраг дзяржаўных устаноў, у тым ліку, рэзідэнцыю Януковіча.

4 снежня ўдзельнікі акцыі заявілі, што пачнуць кругласутачнае пікетаванне адміністрацыі прэзідэнта, калі прэзідэнт на працягу двух дзён не выканае патрабаванні апазіцыі: адстаўка Кабміна, вызваленне палітвязняў, датэрміновыя прэзідэнцкія і парламенцкія выбары.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках