28 красавiка 2024, Нядзеля, 6:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Памёр мастак Дзмітрый Іваноўскі

16

Вядомы гарадзенскі мастак Дзмітрый Іваноўскі памёр увечары 5 снежня.

Прычынай смерці называюць праблемы з сэрцам. Пахаванне адбудзецца заўтра, 7 снежня. А 9.30 адбудзецца памінальная служба ў касцёле Божай Міласэрнасці, паведамляе мясцовы сайт t-styl.info.

Пазнавальныя творы Іваноўскага на гістарычную і сучасную грамадска-палітычную тэматыку нельга зблытаць ні з чым. «Яго карціны станавіліся класікай, як толькі з'яўляліся», - кажа пра творчасць Дзмітрыя Іваноўскага журналіст Анджэй Пачобут.

За жыццё мастака прайшло амаль 60 персанальных выстаў, але самай важнай і хвалюючай ён называў выставу ў родных Гудзевічах. Апошнім часам Дзмітрый Іваноўскі жыў у вёсцы, дзе яму вельмі падабалася. У сярэдзіне 2000-х мастака можна было сустрэць не толькі ў яго майстэрні (калісьці яна знаходзілася ў добра вядомай зале на Будзённага, 48а), але і на мітынгах - ён удзельнічаў у пратэстах прадпрымальнікаў, за што неаднаразова трапляў на «суткі».

«Мастацтва - гэта маё жыццё, гэта ўсё для мяне. Я перапробаваў шмат у жыцці, працаваў і са скульптурай, і з графікай, але алейныя фарбы для мяне засталіся самым любімым сродкам самавыяўлення. Чым больш я працую імі, тым больш разумею, колькі яшчэ не ведаю. Імі можна перадаць усе: настрой, пачуцці, тое, што бачыш і што адчуваеш. Тут тысячы магчымасцяў! І на шчасце, няма той мяжы, да якой можна было б дайсці і спыніцца», - казаў аб сваёй працы Дзмітрый Іваноўскі.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках