27 красавiка 2024, Субота, 13:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сябраваць з Аманам не атрымалася

45
Сябраваць з Аманам не атрымалася

Грандыёзным планам пра супрацоўніцтва Беларусі з султанатам Аман не наканавана спраўдзіцца.

Сведчаннем сканчэння імклівай дружбы стала падпісанне 28 лютага 2013 года Аляксандрам Лукашэнкам Указа №93, згодна з якім скасоўваецца інвестыцыйная дамова паміж Рэспублікай Беларусь, Дзяржаўным генеральным рэзэрвовым фондам Султаната Аман і замежным таварыствам з абмежаванай адказнасцю «Арол Пропэтыз чатыры» аб будаўніцтве, увядзенні ў эксплуатацыю, і эксплуатацыі шматфункцыянальнага комплексу ў цэнтры Менска на месцы былой другой гарадской клінічнай лякарні.

Менскаму гарвыканкаму і Саўміну даручана забяспечыць прыняцце бязвыплатна з уласнасці замежнага таварыства з абмежаванай адказнасцю «Арол Пропэтыз чатыры» надзела зямлі і аб'ектаў. Аб вяртанні ўжо выплачанай сумы за надзел аманскія інвестары гаворкі не вядуць.

Нагадаем, Дзяржаўны генеральны рэзэрвовы фонд Султаната Аман адмовіўся ад рэалізацыі праекта ў цэнтры беларускай сталіцы. Праект меркаваў будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу ў межах вул. Я.Купалы - вул. М. Багдановіча - ракі Свіслач.

У складзе комплексу пяцізоркавы гатэль, элітныя жылыя дамы і гандлёвыя комплексы з харчовымі і нехарчовымі крамамі. Чакалася, што рэалізацыя праекта пачнецца ўжо ў 2011 годзе, а скончыцца да 2016 года. Агульная сума інвестыцый ацэньвалася ў 150 млн. даляраў.

Згодна з указам №93 ад 1 сакавіка 2010 года Дзяржаўны генеральны рэзэрвовы фонд Амана ў асобе створанага ім у Беларусі ЗТАА «Арол Пропэтыз чатыры» атрымаў за сімвалічныя 10 млн. даляраў у прыватную ўласнасць пляц у Менску. Адначасова з зямлёй ва ўласнасць «Арол Пропэтыз чатыры» бязвыплатна перайшлі «Нацыянальны выставачны цэнтр «БелЭкспа», 2-я гарадская клінічная лякарня і некаторыя іншыя будынкі.

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках