У Вільні пачаўся «Беларускі тыдзень»
2- 25.03.2013, 15:54
(абноўлена - 15:50) З 25 па 30 сакавіка ў Вільні праходзіць «Беларускі тыдзень».
Праграма мерапрыемстваў «Беларускага тыдня» пачалася 25 сакавіка з ускладання кветак падпісчыкам Акту Незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі на віленскіх могілках Росы. Ва ўрачыстым мерапрыемстве прыняў удзел першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Хведар Нюнька, а таксама студэнты ЕГУ.
Таксама 25 сакавіка з 18:00 - 20:00 у Віленскай гарадской ратушы пройдзе ўрачысты вечар у гонар Акту Незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.
26 сакавіка з 13:00 - 15:00 ў Сейме Літвы пройдзе канферэнцыя «Чаго чакаць Беларусі ад старшынства Літвы ў Еўрапейскім звязе?».
27 і 28 сакавіка госці запрашаюцца да прагляду праграмы фестывалю кароткаметражных фільмаў «Cinema Perpetuum Mobile» і сучасных дакументальных фільмаў асацыяцыі «Белфільм».
Прагляд будзе праходзіць 27 сакавіка з 18:00 - 20:30 у Беларускім Доме правоў чалавека (Latako g. 3) і 28 сакавіка з 16:00 па 20:30 у гэтым жа месцы.
30 сакавіка ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце пройдзе дзень адчыненых дзвярэй. 11:00 - 13:00 - прэзентацыя навучальных магчымасцяў і акадэмічных праграм, 13:00 - 14:30 - сустрэча з адміністрацыяй (Valakupių g. 5).
«Беларускі тыдзень» завершыцца фестывалем «Feel Free» з удзелам беларускіх музычных гуртоў «Крамбамбуля» і «Нейра Дзюбель», а таксама літоўскага музычнага гурта «Biplan». Канцэрт пачнецца 30 сакавіка ў 21:00 у клубе LOFTAS (Švitrigailos g. 29).
Арганізацыйны камітэт «Беларускага тыдня» запрашае ўсіх беларусаў Вільні, а таксама беларускіх гасцей літоўскай сталіцы далучыцца да святкаванняў, прысвечаных Дню Волі.
Арганізатары «Беларускага тыдня»: грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь», Беларускі Дом правоў чалавека ў Вільні, Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, Грамадзянскае і палітычнае прадстаўніцтва Беларусі ў Літве (HUB), Моладзевая асацыяцыя «StudAlliance».