У Празе прайшоў марафон салідарнасці з Дашкевічам
- 26.03.2013, 16:13
25 сакавіка, у Дзень Волі, Беларускі дом у Празе правёў марафон салідарнасці з беларускімі палітвязнямі.
Вечар быў прысвечаны Змітру Дашкевічу, якога амаль тры гады незаконна трымаюць за кратамі, піша БелаПАН.
Была паказана кінастужка пра моладзевага лідара «Люблю Беларусь!». У падтрымку палітвязня выступілі перакладчыца Святлана Уранава, кіраўнік Беларускага дома ў Празе Наталля Макавік, вязень сумлення Аляксей Шыдлоўскі, дэмакратычны актывіст Франак Вячорка і намеснік старшыні «Маладога фронту» Мікалай Дземідзенка. Аповяд пра Дашкевіча ператварыўся ў гарачую дыскусію пра тое, як жыхары замежжа могуць дапамагчы беларусам. Самая лепшая дапамога Беларусі - гэта актыўныя інфармацыйныя кампаніі, накіраваныя на чэхаў. «Чым больш мы будзем расказваць пра Беларусь, тым лепш», - згадзіліся ўдзельнікі акцыі.
Мэта марафона салідарнасці - паведаміць чэхам аб сітуацыі ў Беларусі, знайсці канкрэтныя магчымасці дапамагчы беларускім палітвязням і іх блізкім. Марафон у Празе будзе праходзіць штомесяц, наступная акцыя адбудзецца падчас «Беларускіх дзён» 18-22 красавіка.