Бярозаўская міліцыя пагражае апазіцыянерцы праз сцяг
33- 26.03.2013, 18:39
Праваабаронца Тамара Шчапёткіна з Бярозы ў гонар Дня Волі вывесіла на сваім балконе нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг.
Рэакцыі з боку міліцыі доўга чакаць не давялося, піша ПЦ «Вясна».
Тамара Шчапёткіна была здзіўленая ранняму званку непасрэдна ў дзверы кватэры. Жанчына падумала, што гэта суседзі, бо ўсе астатнія спачатку карыстаюцца дамафонам.
За дзвярыма стаяў маладзён у цывільным. Ён назваўся ўчастковым Сяргеем Несцяровічам, хоць пасведчання пры гэтым не паказаў. У кватэру зайсці адмовіўся і спытаў Тамару Шчапёткіну аб тым, што ў яе вісіць за акном.
- А вы што не ведаеце, што гэта такое? - Здзіўлена спытала Шчапёткіна.
- Не, - сказаў участковы.
- Беларускі гістарычны сцяг, - патлумачыла жанчына.
- Дык у нас жа чырвона-зялёны, - няўпэўнена прадаўжаў Сяргей Несцяровіч.
- Гэта дзяржаўны.
- Я прыйшоў, таму што грамадзяне паскардзіліся, што тое, што вісіць у вас за акном, іх абражае.
- А словы на будынках з трох літар, якія муляюць вочы гадамі, іх не абражаюць? - Абурана спытала Тамара Шчапёткіна.
- Не, да іх яны звыкліся, - няхітра адказаў ахоўнік парадку.
- Дык пакажыце заявы гэтых грамадзян.
- Яны стаяць на вуліцы. Вам будзе позва, прыйдзеце ў міліцыю, - папярэдзіў участковы.
- Чаму вы прымушаеце зняць наш гістарычны сцяг?
- Я не прымушаю. А калі вам будзе позва ў міліцыю, то ведайце, у якім пытанні. Больш я вас не затрымліваю, - сказаў участковы Сяргей Несцяровіч, збягаючы ўніз прыступкамі.
Унізе яго чакалі чацвёра таварышаў таксама ў цывільным.
Нагадаем, учора беларусы адзначалі Дзень Волі - 95 гадавіну абвяшчэння незалежнасці БНР.