28 красавiка 2024, Нядзеля, 18:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Альбом года - «Ваячак» Вайцюшкевіча

2

Лепшым альбомам 2012 года, па версіі Experty.by, стаў «Ваячак» Змітра Вайцюшкевіча і WZ-Orkiestra.

Цэрымонія ўзнагароджання пераможцаў у розных намінацыях праекта адбылася 27 сакавіка ў Менску, паведамляе БелаПАН.

Акрамя гэтага, чарговая праца Вайцюшкевіча стала лепшым беларускамоўным альбомам, апярэдзіўшы легендарны гурт «Палац» і магілёўцаў з Akute, якія падаюць вялікія надзеі.

Лепшым дэбютным альбомам прызнаны Random Mood Jukebox менскага гурта Clover Club. «Незалежны свежы кактэйль з пяці інгрэдыентаў», як сябе называюць музыкі гэтага гурта, апынуўся наперадзе этна-транс-калектыва Shaman Jungle і гаражнага блюзу ад Sang Sattawood, які замкнуў тройку фаварытаў.

У намінацыі «Лепшы фолк-альбом» пераможцам чакана стаў «Палац» з альбомам «Кола грукатала», абагнаўшы зборны беларуска-ўкраінскі калектыў ДахаБраха & PortMone.

«Не існуе» Akute прызнаны лепшым альбомам у стылі рок, пакінуўшы ззаду Clover Club і калектыў «Красные звёзды» з альбомам «Свобода 2012".

Прыз «народных» экспертаў - найбольш актыўных наведвальнікаў парталу Experty.by - дастаўся «Серебряной свадьбе" за альбом Laterna Magica. Другое і трэцяе месца гэтай намінацыі падзялілі Clover Club і Shaman Jungle.

У гэтым годзе альбомы беларускіх музыкаў ацэньвалі такія замежныя крытыкі, як Аляксандр Філімонаў (Расея), Юлія Каламіец (Украіна), Ярэк Шубрыхт (Польшча), Кароліс Вішняўскас (Літва), Каспарс Завілейскіс (Латвія). У выніку свой прыз замежныя крытыкі прысудзілі альбому «Хмелева Project» ДахаБраха & PortMone.

Прыз вялікага журы, у якое ўвайшлі чацвёра штатных і восем пазаштатных экспертаў праекта, сышоў «Серебряной свадьбе». Clover Club, а таксама Сяргей Пукст з альбомам «Внутреннее" падзялілі срэбра і бронзу гэтай намінацыі.

Двойчы ўзнагароджаны ў рамках цяперашняй цэрымоніі Зміцер Вайцюшкевіч выказаў надзею, што перамога яго альбома, магчыма, дапоўніць праект Experty.by намінацыяй «Лепшы беларускамоўны шансон». «Гэты праект зараз пачынае перавешваць усе іншыя прызавыя праекты, таму што ён сістэмны, больш прафесійны і дэмакратычны», - сказаў музыка.

Уладальнікі лепшага дэбютнага альбома Clover Club адзначылі, што не ведаюць, у якой стылявой намінацыі яны маглі б перамагчы ў наступным годзе. «Наш другі альбом, над якім мы зараз працуем, з'яўляецца лагічным працягам першага, гэта кактэйль, які напоўнены эмоцыямі і стылямі, мы сябе ні ў чым не абмяжоўваем», - падкрэсліў гітарыст і бэк-вакаліст Зміцер Кацяшоў.

Партал Experty.by пазіцыянуе сябе як пляцоўка для «сістэматычнага апісання і ацэнкі дыскаў беларускіх артыстаў, а таксама абагульнення звязанай з імі інфармацыі». Эксперты праекта фіксуюць, апісваюць і рознабакова ацэньваюць альбомы беларускіх альтэрнатыўных рок-, фолк-, поп-музыкаў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках