12 траўня 2024, Нядзеля, 15:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Стывен Спілберг узяў удзел у перадвыбарнай кампаніі Байдэна

5
Стывен Спілберг узяў удзел у перадвыбарнай кампаніі Байдэна
СТЫВЕН СПІЛБЕРГ

Уладальнік «Оскара» супрацоўнічае са штабам Байдэна, каб распрацаваць стратэгію для летняга з'езду дэмакратаў.

Рэжысёр Стывен Спілберг супрацоўнічае з перадвыбарным штабам дзейнага прэзідэнта ЗША Джо Байдэна, каб распрацаваць стратэгію для нацыянальнага з'езду Дэмакратычнай партыі, які запланаваны на жнівень, паведамляе партал Puck і пацвердзіла крыніца NBC News, знаёмая з сітуацыяй.

Паводле словаў суразмоўцы тэлеканала, Спілберг, даўні прыхільнік Байдэна, ужо актыўна ўдзельнічаў у сустрэчах з арганізатарамі з'езду. NBC адзначае, што рэжысёр з'явіўся ў тым ліку на зборы сродкаў для перадвыбарнай кампаніі Байдэна ў мінулым снежні, а сябар Спілберга і сузаснавальнік DreamWorks Джэфры Кацэнберг таксама з'яўляецца сустаршынёй кампаніі Байдэна.

Паводле інфармацыі крыніцы NBC, у цяперашні час Спілберг не плануе здымаць «фільм пра падзеі гэтага лета», хоць у 2008 годзе ён прадусаваў фільм для перадвыбарнай кампаніі Барака Абамы, які тады абіраўся ад Дэмакратычнай партыі. Байдэн быў віцэ-прэзідэнтам пры Абаму.

Суразмоўца NBC, знаёмы з сітуацыяй, расказаў, што штаб Байдэна асобна абмяркоўвае з Абамам магчымасць ягонага з'яўлення на дабрачынным мерапрыемстве ў чэрвені разам з Байдэнам. Пра гэта таксама пісаў партал Axios. Чакаецца, што ў мерапрыемстве возьмуць удзел Кацэнберг і Джордж Клуні ў якасці вядоўцаў.

На з'ездзе дэмакратаў будзе абраны кандыдат у прэзідэнты ад партыі. Байдэн падчас праймерыз і кокусаў набраў неабходную колькасць галасоў. Ягоным спаборнікам ад Рэспубліканскай партыі, як чакаецца, стане былы прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, які таксама набраў «магічны лік». Выбары кіраўніка дзяржавы ў ЗША адбудуцца ў лістападзе.

Стывен Спілберг – рэжысёр, прадусар, сцэнарыст, адзін з заснавальнікаў студыі DreamWorks. Сярод ягоных працаў – «Сківіцы», «Іншапланетнік», серыя фільмаў пра Індыяну Джонса, «Парк Юрскага перыяду» і іншыя. Спілберг атрымаў тры «Оскары»: два – за «Спіс Шындлера» (найлепшы фільм і найлепшая рэжысура) і адзін – за фільм «Выратаваць шарагоўцу Раяна» (найлепшая рэжысура).

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках