27 красавiка 2024, Субота, 19:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украінцы пра арышт у Менску: Тры дні жуды

32
Украінцы пра арышт у Менску: Тры дні жуды

Прэс-сакратарка ўкраінскай арганізацыі «Нацыянальны альянс» распавяла аб удзеле чальцоў арганізацыі ў святкаванні Дня Волі.

Юлія Грышчук напісала пра паездку ў Беларусь, арышт і дэпартацыю на сайце моладзевай арганізацыі. Падаем тэкст артыкула цалкам (пераклад - charter97.org):

«25 сакавіка беларусы адзначалі 95-ю гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. У гэты дзень у 1918 годзе ў Менску была прынятая Трэцяя ўстаўная грамата, паводле якой Беларусь станавілася вольнай і незалежнай дзяржавай, у якой уся ўлада належала беларускаму народу. Еднасць і цэласнасць беларусаў былі асноўнай мэтай абвяшчэння БНР.

На запрашэнне сяброў, я, Юлія Слівінская і Назар Зеліноўскі - актывісты «Нацыянальнага Альянсу», паехалі на вялікае свята беларускага нацыянальнага руху - Дзень Волі.

Паколькі пастанова пра паездку ў Беларусь прымалася напярэдадні акцыі, варыянтаў таго, як даехаць да Менска, было мала. Надзейны і хуткі спосаб ехаць аўтобусам пацярпеў крах, бо ў той дзень яго скасавалі праз непагадзь. Засталіся «сабакі» і аўтастоп. Паводле нашых падлікаў, калі ехаць вышэйазначанымі спосабамі, то на акцыю можам спазніцца. Аднак мы наважылі рызыкнуць.

25 сакавіка а 12.15 мы былі на ўскраіне Менска. Пачатак шэсця запланаваны на 13:00. Спадзяваліся, што ўсё, як заўсёды, пачнецца са спазненнем.

Паўтары гадзіны змарнавалі на тое, каб патрапіць у цэнтр. Расчараванне было бязмежнае: мы спазніліся, акцыя ўжо скончылася, ехалі ж нездарма - такія думкі былі ў нас у той момант. Прымаем пастанову ехаць у канчатковы пункт акцыі - на плошчу Бангалор.

Едзем у аўтобусе, бачым наперадзе калону з бел-чырвона-белымі сцягамі. Мы паспелі!

Адразу далучаемся да шэсця, накідваем на сябе нашыя сіне-жоўтыя сцягі.

Здзівіла тое, што месца, дзе адбываўся мітынг, было абгароджана металічнымі загарадкамі. Вакол плошчы дзяжурылі АМАПаўцы і міліцыя. Кожнага ўдзельніка абшукалі.

Заходзім на пляцоўку: беларусы бачаць, што ёсць украінцы. Столькі ўвагі: «Слава Украіне!», «Вы адкуль менавіта?», «У мяне сваякі ва Украіне». Журналісты, спецслужбы - фатаграфуюць, здымаюць, просяць каментары.

Знаёмімся з двума сябрамі - Сяргеем і Антонам. Абменьваемся сцягамі, фатаграфуючыся. У гэты час супрацоўнікі КДБ, як тыя камары, ужо «кружляюць» вакол нас.

З выступаў лідараў апазіцыі запомнілася параўнанне сітуацыі ў Беларусі з «палітычнай зімой», а таксама словы пра тое, што «вусаты» не хоча «прыходу вясны».

На плошчы Бангалор мы селі ў аўтобус, праехалі некалькі прыпынкаў, выйшлі каля станцыі метро. Далей усё адбылося як быццам паводле сцэнару: пад'ехаў фіялетавы мікрааўтобус, выйшлі пяць бамбізаў, узялі за локці і сілай запіхнулі ўнутр.

«Ветлівасць» у міліцыянтаў - гэта з вобласці фантастыкі, вядома. «Навошта вы прыехалі з сваёй«хахляндзіі?» і «няма чаго ў нас тут сцягамі махаць», - гыркалі на нас, пакуль везлі ў пастарунак.

У РУУС Савецкага раёна, акрамя нас пяцярох, прывезлі яшчэ чацвярых удзельнікаў акцыі. Нас завялі ў нейкую залу, а тыя, хто затрымліваў, размясціліся ў калідоры і пачалі «складаць» пратаколы. Потым высветлілася, што яны ўсе былі напісаныя як быццам пад капірку. У міліцыянтаў фантазіі - хоць адбаўляй. «Спрабавалі схавацца, размахвалі рукамі, падалі на калені, упіраліся нагамі», - было напісана ў нашых пратаколах.

У нас узялі адбіткі пальцаў. Іх, дарэчы, у Беларусі бяруць нават калі чалавек толькі з'яўляецца падазраваным, у нашым выпадку - у «непадпарадкаванні» праваахоўным органам. Далей - «фотасэсія»: «павярніцеся правым бокам, левым, спінай».

Забралі ўсе нашы рэчы, прымусілі развязаць абутак, зняць папругі, ланцужкі, завушніцы.

Нам прыпісалі артыкул 23.4 («непадпарадкаванне законнаму загаду ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў»). Вядома са складзеным пратаколам мы не пагадзіліся, вінаватымі сябе не прызналі.

Нам не далі патэлефанаваць, адваката з моманту затрымання ніхто не даў.

Пазней высветлілася, што мы дзень праседзелі ў «знакамітай» турме на вуліцы Акрэсціна. Туды нас даставілі на аўтазаку.

«Выходзім па адным, становімся ўздоўж сцяны», - загадаў канваір.

Да нас выйшаў супрацоўнік гэтай турмы, яго я назвала «загадчык гаспадаркі». Ён выдаў нам ложак, кавалак туалетнай паперы і мыла. За атрыманне гэтага мы падпісаліся.

Я хвалявалася, што нас раз'яднаюць з Юліяй Слівінскай або завядуць у агульную камеру, дзе «зэчкі» нас паб'юць ці будуць прымушаць спаць на падлозе, але пашанцавала: нас пасадзілі ў двухмесную камеру.

Зайшоўшы туды, мы адчулі з'едлівы і смуродны пах мачы. У камеры было вільготна і холадна. Мы ляглі разам на адзін ложак, каб было цяплей, але заснуць было цяжка: наглядчык увесь час зазіраў да нас, відаць, яго вельмі зацікавілі маладыя ўкраінскія дзяўчыны.

Гнятлівую турэмную атмасферу дапаўняла радыё «саўковага» стылю.

Я чакала, што нас павядуць на допыты КДБ, таму што ў аддзяленні нас так ніхто і не дапытваў.

Недзе апоўначы ў камеры перагарэла лямпачка, прыйшоў «загадчык гаспадаркі» і перавёў нас у іншую - агульную. У ёй сядзелі нейкія алкагалічкі, магчыма прастытуткі... «Загадчык гаспадаркай» даў заданне «галоўным у камеры» нешта ў нас выведаць, аднак ім нічога не атрымалася. Праз стомленасць і эмацыйнае знясіленне мы моцна заснулі.

Раніцай зноў уключылі радыё. Прыйшоў паскудны наглядчык, сказаў «не люблю я Юляў» і перавёў нас назад у двухмесную камеру.

Праз некалькі гадзін зноў прыйшлі міліцыянты, правялі ў нас ператрус. З нашых кішэняў дасталі жэтоны. Ад ежы мы адмовіліся - гэта быў наш пратэст.

Перад ад'ездам да нас зайшоў «дырэктар» турмы. Ён цікавіўся, ці не крыўдзілі нас, ці задаволеныя мы варункамі.

Пал 11 гадзін раніцы за намі прыйшоў дзяжурны. «З рэчамі на выхад», - сказаў ён.

На аўтазаку нас прывезлі чамусьці не на суд, а ў РУУС Савецкага раёна, пасадзілі ўсіх у «малпоўнік», там мы прасядзелі амаль да 15 гадзін.

Нашыя справы разглядалі ў лукашысцкім судзе. Усіх затрыманых завялі ў залу, за намі прыглядаў канвой. Прыйшоў наш консул. Ён сказаў, што яму ніхто не тэлефанаваў з міліцыі, а даведаўся ён аб арышце ўкраінскіх нацыяналістаў з СМІ. Мы адразу папрасілі ў яго тэлефон для таго, каб звязацца з «альянсаўцамі». Даведаліся, што «Нацыянальны Альянс» ужо пікетуе амбасаду Беларусі ў Кіеве з патрабаваннем вызваліць паплечнікаў. Украінская тэлевізія, інтэрнэт, радыё чаўпе аб украінскіх палітвязнях.

Дзякуючы нашым беларускім сябрам, мы атрымалі адвакатаў, з беларускай праваабарончай арганізацыі «Вясна». Скажу, што адвакаты - ваяры, змагаліся да апошняга, мы ім вельмі ўдзячныя.

Пад сценамі суда сабралася вельмі шмат людзей, гэта былі беларускія журналісты, актывісты і сябры затрыманых. Яны перадавалі нам ежу.

Па чарзе пачаліся судовыя пасяджэнні. Да 20 гадзін вечара разгледзелі ўсе нашыя справы. Нас прызналі вінаватымі. Мне і Юліі Слівінскай прысудзілі 1 дзень зняволення, а Назару Зеліноўскаму - папярэджанне, бо ён непаўналетні.

Мы думалі, што ўжо ўсё скончылася, і мы бліжэйшым рэйсам здолеем адправіцца дадому, але тут з'явіўся інспектар аддзялення грамадзянства і міграцыі. Ён выдаў нам «паведамленне аб разглядзе пытання аб высылцы з Рэспублікі Беларусь» і даведку, якая часова замяняе наш пашпарт. З гэтым стосам макулатуры мы паехалі ў РУУС забраць нашыя рэчы. Нашыя «знаёмыя» запрашалі прыехаць яшчэ, з сарказмам кажучы «да хуткай сустрэчы».

На наступны дзень у міграцыйнай службе разглядалі справу аб нашай дэпартацыі. Там зноў правялі допыты і знялі адбіткі пальцаў».

Пастанову аб дэпартацыі яны так і не прынялі, сказаўшы, што прымуць пастанову цягам 10 дзён.

Наш жудасці скончыліся вечарам. Ура, мы на свабодзе!»

Ва Украіну актывісты «Нацыянальнага альянсу» вярнуліся толькі раніцай наступнага дня. Юлія Грышчук назвала паездку ў Беларусь «выпрабаваннем і, магчыма, падрыхтоўкай да нечага большага».

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках