27 красавiка 2024, Субота, 17:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юры Лявонаў: ЗША могуць дамагчыся ад Аліхвера праўды

49
Юры Лявонаў: ЗША могуць дамагчыся ад Аліхвера праўды

Беларуская грамадскасць мае права патрабаваць ад ЗША дапытаць Аліхвера, каб той распавёў праўду аб справе Аўтуховіча.

Пра гэта заявіў былы палітвязень, прадпрымальнік Юры Лявонаў, камэнтуючы charter97.org пераезд у Злучаныя Штаты Амерыкі следчага Управы ДФР КДК Гарадзенскай вобласці, які вёў першую справу Мікалая Аўтуховіча.

«Мяркуючы з фатаграфій, якія я бачыў у «Одноклассниках», Мікалай Аліхвер мог з'ехаць да сваякоў. Гэта першая вэрсія. Адзначу, што крымінальная справа была распачатая ў студзені 2005 года. Не ведаю дакладна, ці паступіла яна ў веданне Аліхвера з самага пачатку. У мяне склалася ўражанне, што ён не дужа хацеў займацца гэтым следствам, і меркаваў, што няма дастатковага пацверджання фактаў для распачынання крымінальнай справы. Уся наступная хада падзей пацвердзіла маю здагадку. Ніхто іншы як Аліхвер вынес пастанову аб правядзенні судова-эканамічнай экспэртызы з нагоды стасункаў паміж прадпрыемствам «Ніка-транс» і прадпрымальнікам Мікалаем Аўтуховічам. Яна скончылася ў жніўні 2005 года і прызнала, што паміж імі не было ніякага складу злачынства», - мяркуе былы палітычны вязень.

Ён падкрэсліў, што тым не менш 15 кастрычніка 2005 года гэты следчы заарыштаваў прадпрыемца ў будынку КДК Гарадзенскай вобласці.

«Я не гатовы сцвярджаць, ці была гэта яго асабістая ініцыятыва ці ж строгі загад зверху, але факт застаецца фактам. Таму, мне здаецца, ягоны ад'езд у ЗША можа быць звязаны з супярэчнасцю ў існых абставінах. З аднаго боку, як юрыст ён не бачыў у гэтай справе складу злачынства, з другога боку, быў вымушаны ўчыніць працэсуальныя дзеянні, якія яго падахвоцілі потым звольніцца з пасады следчага і з'ехаць з краіны. Гэта другая вэрсія», - адзначыў прадпрымальнік.

Ён упэўнены, што Злучаныя Штаты Амерыкі могуць дамагчыся ад Мікалая Аліхвера праўды аб гэтай справе.

«Наўрад можна патрабаваць ад ЗША арышту следчага. Але можна дамагацца таго, каб Амерыка ўжыла самы жорсткі ціск у дачыненні да Аліхвера і пад пагрозай анулявання дазволу на жыхарства прымусіла распавесці праўду аб тым, хто «замовіў» Аўтуховіча. Яму ўсё пра гэта вядома», - падсумаваў Юрый Лявонаў.

Нагадаем, у траўні 2010 года Мікалай Аўтуховіч быў асуджаны да 5 гадоў і 2 месяцаў пазбаўлення волі ў варунках строгага рэжыму паводле артыкулу 295 частка 3 - «Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў». Яго абвінавацілі ў «перавозе і захоўванні пяці набояў» да паляўнічага карабіна. Аўтуховіч сваёй віны ў судзе не прызнаў і заявіў, што яго пераследуюць за антыкарупцыйную дзейнасць.

Палітвязень адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі № 5 у г. Івацэвічы. У снежні 2011 года на месяц быў змешчаны ў ПКТ - памяшканне камэрнага тыпу. Пастановай суда, што адбыўся 17 студзеня 2012 г., быў пераведзены ў турму Гародні.

Напісаць каментар 49

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках