5 траўня 2024, Нядзеля, 20:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ірына Сухій: Будаўніцтва АЭС паглыбіць ізаляцыю Беларусі

17
Ірына Сухій: Будаўніцтва АЭС паглыбіць ізаляцыю Беларусі

Улады Беларусі павінны пайсці на кампраміс з Літвой у пытанні будаўніцтва атамнай электрастанцыі.

Такім чынам старшыня Рады ГА «Экадом» Ірына Сухій пракаментавала сайту charter97.org прызнанне Камітэтам па рэалізацыі Канвенцыі Эспо абгрунтаванасці прэтэнзій Літвы да беларускай АЭС.

«Наколькі мне вядома, механізм Канвенцыі прадугледжвае, што калі кансультацыі паміж зацікаўленымі бакамі не былі праведзеныя належным чынам, і адсутнічае ўзгодненасць па гэтым пытанні, то будаўніцтва не павінна адбывацца. Я не ведаю, што будуць рабіць у гэтай сітуацыі беларускія ўлады і расейскія будаўнікі, але цяпер яны павінны разабрацца з Літвой. Пакуль гэта пытанне не будзе ўрэгуляванае паміж Менскам і Вільняй, будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Беларусі павінна быць спынена», - адзначыла эколаг.

Яна лічыць, што існуе два варыянты вырашэння праблемы

«Можна паслаць усіх далей і працягнуць будаўніцтва АЭС, што прывядзе да выключэння Беларусі з Канвенцыі Эспо. З майго пункту гледжання, гэта будзе вельмі дрэнна. Але можна і замарозіць будоўлю. Я не ведаю, наколькі сур'ёзна настроены літоўскі бок і чаго ён хоча дамагчыся, але я б на яго месцы патрабавала змены месца будаўніцтва. Літва не можа нам забараніць будаваць, таму што гэта ўнутраная справа Беларусі. Але праблема ў тым, што гэта можа нанесці велізарную шкоду Вільні, якая знаходзіцца ў 40 кіламетрах ад будучай АЭС», - падкрэсліла эксперт.

Яна дадала, што імідж Беларусі на міжнароднай арэне павінен быць важней, чым будаўніцтва атамнай электрастанцыі.

«Ад іміджу краіны залежыць колькасць замежных інвестыцый. У апошні час былі прыклады адмовы ад праектаў будаўніцтва, у сувязі з тым, што было прызнана небяспечным інвеставаць у Беларусь. Калі мы будзем выглядаць, як краіна, з якой немагчыма дамовіцца, якая пасылае сваіх бліжэйшых суседзяў і партнёраў куды далей, то хто будзе з намі супрацоўнічаць? Гэта моцна абмяжуе магчымасці развіцця Беларусі, і яна яшчэ больш ізалюе сябе ад цывілізаванага свету. Калі мы хочам мець добрыя стасункі з Літвой, то трэба дамаўляцца. Тым больш што Лукашэнка лічыць магчымай нармалізацыю стасункаў з Еўропай і разлічвае на будучыае старшынства Літвы ў ЕЗ», - падсумавала Ірына Сухій.

Нагадаем, заўвагі Вільні ў бок Менска з нагоды беларускай АЭС, якая будуецца паблізу мяжы Літвы, прызнаныя абгрунтаванымі.

Пра гэта заявілі ў Камітэце па рэалізацыі Канвенцыі аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансмежным кантэксце (Канвенцыя Эспо).

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках