28 красавiка 2024, Нядзеля, 19:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Барыс Нямцоў: Беларусь стане вольнай хутчэй, чым Расея

43
Барыс Нямцоў: Беларусь стане вольнай хутчэй, чым Расея

У Беларусі значна больш шанцаў хутчэй стаць вольнай краінай, лічыць расейскі палітык.

Лідары Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька і «Рэспубліканскай партыі Расеі - Партыі народнай свабоды» (РПР - ПАРНАС) Барыс Нямцоў заявілі пра мэты сваіх партый - вярнуць краіны да дэмакратычнага развіцця.

Заява была зроблена 24 красавіка ў Менску на прэс-канферэнцыі па выніках падпісання сумеснага дакумента аб супрацоўніцтве дзвюх партый.

Па словах Лябедзькі, у АГП і РПР - ПАРНАС склаліся «правераныя часам адносіны». «Мы ставім перад сабой аднолькавыя задачы - вярнуць свае краіны да дэмакратычнага шляху развіцця», - сказаў ён.

Нямцоў падкрэсліў, што абсалютна згодны з гэтымі словамі. «Мы хочам, каб Беларусь і Расея сталі дэмакратыямі, каб у нашых краінах мянялася ўлада, было незалежнае правасуддзе», - заявіў палітык.

Паводле слоў Нямцова, «сёння пуцінская Расея сямімільнымі крокамі ідзе па шляху Лукашэнкі».

У той жа час, лічыць ён, у Беларусі значна больш шанцаў хутчэй стаць свабоднай краінай. «Калі вы станеце свабоднай краінай, Расея таксама будзе мець падобны шанец. У вас больш шанцаў стаць дэмакратычнымі, таму што ў Расеі ёсць імперскі комплекс, таму што вы знаходзіцеся ў сярэдзіне Еўропы і ў вас няма каўказскага фактару», - сказаў расейскі апазіцыйны палітык.

Нямцоў таксама заявіў, што Лукашэнка і Пуцін «вар'яцка падобныя, хоць і ненавідзяць адзін аднаго». «Яны падобныя па фальсіфікацыях, таму што і адзін, і другі абалваньваюць свой народ», - сказаў палітык.

Барыс Нямцоў таксама лічыць, што размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі расейскай авіябазы стане інструментам для атрымання грошай з Расеі.

«Гэтая авіябаза стане інструментам для высмоктвання грошай з Расеі», - заявіў Нямцоў.

«Мы будзем плаціць за гэтую базу больш, чым за Чарнаморскі флот. Зараз убачыце гісторыю і з арэнднай платай, і з усім астатнім», - сказаў ён. Пры гэтым палітык лічыць, што «авіябаза стане новым рычагом для шантажу Расеі з боку Лукашэнкі». На думку Нямцова, «Лукашэнка будзе выкарыстоўваць гэтую ваенную авіябазу для гандлю. Ён будзе казаць: калі не дасце грошай і нафты - базу зачыню. Пуціну ж гэтая база патрэбная для задавальнення імперскіх амбіцый».

Барыс Нямцоў прыехаў у Менск увечары 23 красавіка. Сёння ў другой палове дня ў офісе Партыі БНФ запланаваная яго сустрэча з беларускай грамадскасцю, на якой будзе абмяркоўвацца тэма беларуска-расейскіх адносін. Напярэдадні візіту палітыка стала вядома, што менскія гасцініцы адмовіліся даць памяшканне для сустрэчы з ім.

Напісаць каментар 43

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках