2 траўня 2024, Чацвер, 3:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сваякі Кавалёва патрабуюць паведаміць пра месца яго пахавання

19
Сваякі Кавалёва патрабуюць паведаміць пра месца яго пахавання

Маці і сястра Уладзіслава Кавалёва, аднаго з двух расстраляных па абвінавачванні ў здзяйсненні тэракту ў менскім метро, просяць паведаміць ім пра месца яго пахавання.

Як сказаў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, адпаведную заяву Любоў Кавалёва і Таццяна Козяр накіравалі 25 красавіка на імя Лукашэнкі, старшыні КДБ Беларусі і начальніка дэпартамента выканання пакаранняў МУС.

Па словах праваабаронцы, у гэтым звароце маці і сястра Уладзіслава Кавалёва спасылаюцца на рашэнне Камітэта па правах чалавека ААН, дзе была разгледжаная іх скарга.

У прыватнасці, камітэт паказаў, што «захаванне поўнай сакрэтнасці адносна месца пахавання ўяўляе сабой запалохванне і пакаранне гэтай сям'і шляхам наўмыснага ўтрымання іх у стане нявызначанасці і душэўных пакут».

Кісляк удакладніў, што ў сваім рашэнні Камітэт ААН звярнуўся да беларускіх уладаў з патрабаваннем паведаміць месца пахавання Уладзіслава Кавалёва яго маці і сястры, а таксама апублікаваць сваё рашэнне ў сродках масавай інфармацыі і прыняць меры, каб падобныя парушэнні не дапускаліся ў будучыні.

«Гэтая практыка ўтойвання месца пахавання пакараных ад іх блізкіх сваякоў выходзіць за рамкі здаровага сэнсу. Я не ўяўляю сабе якога-небудзь разумнага абгрунтавання для захавання такога стаўлення да сем'яў расстраляных», - заявіў праваабаронца.

Нагадаем, смяротны прысуд Уладзіславу Кавалёву быў вынесены 30 лістапада 2011 года Вярхоўным судом. 7 снежня асуджаны падаў прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі.

Скарга маці Уладзіслава Кавалёва і яго сястры Таццяны Козяр была зарэгістраваная ў Камітэце ААН па правах чалавека 15 снежня 2011 года, разгледжаная - 29 кастрычніка 2012 года.

Камітэт ААН устанавіў, што беларуская дзяржава парушыла права на жыццё Уладзіслава Кавалёва. Гэты міжнародны орган прызнаў таксама, што ў гэтай справе былі дапушчаныя наступныя парушэнні: прымяненне фізічнай сілы; прымус да дачы паказанняў супраць сябе; парушэнне прэзумпцыі невінаватасці. Акрамя таго, лічаць у ААН, суд не з'яўляўся незалежным і бесстароннім, было парушана права на перагляд прысуду вышэйстаячай судовай інстанцыяй.

На думку Камітэта па правах чалавека, пры разглядзе справы Кавалёва беларуская дзяржава парушыла шэраг палажэнняў Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, а таксама факультатыўнага пратаколу да яго, які прадугледжвае працэдуру звароту асуджанага ў ААН.

Сваякі Уладзіслава Кавалёва беспаспяхова спрабавалі дамагчыся выдачы яго цела. 22 сакавіка 2012 года маці і сястра пакаранага звярнуліся да прэзідэнта з просьбай выдаць ім яго цела для наступнага пахавання імі ў адпаведнасці з канонамі праваслаўнага хрысціянства.

11 красавіка 2012 года Любоў Кавалёва атрымала адказ з адміністрацыі Лукашэнкі аб тым, што ў кампетэнцыю адміністрацыі прэзідэнта «разгляд дадзенага пытання не ўваходзіць», і спасылку на частку 5 арт. 175 УВК у адпаведнасці з якой «цела для пахавання не выдаецца, пра месца пахавання не паведамляецца».

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках