10 траўня 2024, Пятніца, 18:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менск шантажуе Захад ядзернай зброяй

80
Менск шантажуе Захад ядзернай зброяй

Беларускія ўлады не спяшаюцца пазбавіцца ад запасаў высокаўзбагачанага ўрану.

Акцыя "Чарнобыльскі шлях" пад лозунгам "Не беларускай АЭС" стала сімвалам памяці пра ахвяраў аварыі на ЧАЭС. Але ж уладам, што ўцягваюць Беларусь у атамную залежнасць ад Расеі, памяць аб ядзернай катастрофе не патрэбная, перадае Deutsche Welle.

Праз 27 гадоў пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС у Беларусі сеюць збожжа на забруджаных землях, з апярэджаннем графіка будуюць пляцоўку пад атамную станцыю ў Астраўцы, а ўрану ў інстытуце ядзерных даследаванняў "Сосны" выстарчыць на некалькі атамных бомбаў. Не, беларускія ўлады пакуль не пагражаюць суседзям атамнай агрэсіяй, затое адмовіцца ад пагаднення аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі яны могуць.

Ядзерны шантаж

Пасля раскідання СССР Менск самохаць наважыў вывесці са сваёй тэрыторыі стратэгічныя ўзбраенні і ў 1994 годзе падпісаў Будапэшцкі мэмарандум. Канстытуцыя незалежнай Беларусі замацавала статус нэйтральнай дзяржавы, захаваўшы права на ажыццяўленне мірных ядзерных праграм. Але выявілася, што ў беларускага кіраўніцтва ад мірнага атама да ядзернай зброі - усяго адзін крок.

Пакрыўдзіўшыся на кропкавыя санкцыі Захаду Менск яшчэ ў снежні мінулага года нагадаў ЗША і Вялікабрытаніі, што 20 гадоў таму Беларусь самахоць пазбавіла сябе ядзернага статусу не проста так, а ў абмен на абяцанні не ўжываць эканамічны прымус "у адказ на ажыццяўленне рэспублікай правоў, уласцівых яе суверэнітэту ".

Пра санкцыі, якімі заходнія дзяржавы нібыта парушаюць свае дамоўленасці, беларуская дэлегацыя заявіла ў Жэнэве на сэсіі камітэта Агляднай канферэнцыі ў рамках Дамовы аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі.

Наўрад, падпісваючы ў свой час пагадненне з Беларуссю аб нераспаўсюджанні ядзерных узбраенняў, заходнія палітыкі меркавалі, што Менск будзе бараніць сваё права на суверэнітэт гэткімі радыкальнымі метадамі - з дапамогай жорсткіх рэпрэсій на адрас апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, страшачы пры гэтым адмовай ад бяз'ядзернага статусу.

Небяспечныя сувязі

У варунках росту эканамічнай залежнасці ад Масквы і шчыльнага вайсковага супрацоўніцтва з заклапочанай сваёй бяспекай Расеяй такога развою падзей, як увод расейскай ядзернай зброі на тэрыторыю Беларусі, выключыць нельга. Тым больш, што беларускі кіраўнік неаднаразова называў "вельмі жорсткай памылкай" вывядзенне стратэгічных узбраенняў з тэрыторыі краіны.

У гэтым інтарэсы афіцыйнага Менска і Масквы могуць супасці. У Крамля свае задачы - там жадаюць выкарыстоўваць Беларусь як буферную зону ў ваенным супрацьстаянні з Захадам і могуць узбройваць яе паводле пагадненняў аб Саюзнай дзяржаве і АДКБ. Адмова Беларусі ад Будапэшцкага мэмарандуму можа стаць падставай для размяшчэння там ядзернай зброі.

Калі пострах страшнейшы за рэалізацыю

Абвінавачваючы Захад ва ўсіх грахах, Менск сам не спяшаецца выконваць абяцанне, дадзенае ЗША яшчэ перад прэзідэнцкімі выбарамі 2010 года - ліквідаваць да 2012 года ўласныя запасы высокаўзбагачанага ўрану, якіх, як сцвярджаў Лукашэнка, стане для стварэння "бруднай атамнай бомбы".

У афіцыйных СМІ Беларусі нярэдка з'яўляюцца супярэчлівыя паведамленні аб розным аб'ёме ўрану, які захоўваецца пад Менскам у НДІ "Сосны". У руках гэткага крыўдлівага і непаслядоўнага кіраўніка, якім з'яўляецца беларускі прэзідэнт, гэтыя запасы - небяспечная цацка. Нават калі размовы пра бомбу выкарыстоўваюцца Лукашэнкам як той самы пострах, які бывае страшнейшы за рэалізацыю.

Хто гарантуе бяспеку мірнага атама?

Але выявілася, што і мірны атам не гарантуе спакою ні самім беларусам, ні іхным суседзям. Пасля трагедый у Чарнобылі і Фукусіме шмат якія дзяржавы, у тым ліку і Нямечына, адмовіліся ад сваіх ядзерна-энэргетычных праграм. Большасць жыхароў Польшчы і Літвы выказаліся на рэферэндумах супраць будаўніцтва АЭС у сваіх краінах.

У Беларусі, дзе больш за мільён чалавек і кожны дзесяты населены пункт знаходзяцца на тэрыторыі, забруджанай нуклідамі, улады прынялі пастанову развіваць ядзерную энэргетыку. Яны не раіліся з беларусамі, проста паставілі іх перад фактам, а пратэставыя настроі і "атамныя фобіі" падчас штогадовай акцыі "Чарнобыльскі шлях" збіваюць з дапамогай судоў і штрафаў для незадаволеных.

Уласная АЭС у Астраўцы будуецца з апярэджаннем графіка, у парушэнне беларускага заканадаўства - без архітэктурнага праекта і эканамічнага абгрунтавання, за расейскі крэдыт у 10 мільярдаў даляраў. Прапаганда паўтарае аб бяспецы праекта "Расатама" і таннасці атамнай энэргіі, але нічога не кажа пра тое, дзе на параўнальна невялікай тэрыторыі Беларусі размесціцца сховішча радыеактыўных адыходаў, і колькі каштавацьме іх утылізацыя і закрыццё АЭС у будучыні.

Нягледзячы на трывожныя сігналы незалежных навукоўцаў, якія прагназуюць чарговы ўсплёск ракавых захворванняў пасля Чарнобыля, беларускае кіраўніцтва робіць справаздачу аб паўторным засяленні і вяртанні ў сельскагаспадарчае абарачэнне сотняў гектараў земляў на забруджаных тэрыторыях. Гэтая цынічная палітыка вядзе да таго, што ядзерная навала яшчэ доўга будзе вісець над Беларуссю.

Напісаць каментар 80

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках