2 траўня 2024, Чацвер, 18:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Макей неафіцыйна выключаны са спісу неўязных у ЕЗ?

22
Макей неафіцыйна выключаны са спісу неўязных у ЕЗ?

Уладзімір Макей запрошаны на сустрэчу кіраўнікоў МЗС краін «Усходняга партнёрства».

Пра гэта паведамляе амбасада Польшчы ў Менску. Сустрэча, у якой таксама прымуць удзел міністры дзяржаў Вышаградскай групы, пройдзе 17-18 траўня ў Кракаве. Беларускі МЗС пацвердзіў запрашэнне неўязнога міністра замежных спраў, але паведаміў, што замест Уладзіміра Макея ў Кракаў паедзе яго намеснік Алена Купчына.

«Падобны крок сведчыць аб тым, што Еўрапейскі Звяз ужо прыняў рашэнне аб пачатку чарговага раўнда «дыялогу» з беларускім рэжымам. У адказ Брусэль чакае ад Менску канкрэтных пазітыўных дзеянняў, у прыватнасці - вызвалення палітычных зняволеных. Я лічу, што на неафіцыйным, непублічным узроўні Уладзімір Макей ужо выключаны з спісу неўязных у ЕЗ. Пра гэта не спяшаюцца аб'яўляць, каб пазбегнуць скандалу і здзіўлення. Мы з'яўляемся сведкамі «шэрых» схем і дамоўленасцяў, якія ажыццяўляюцца на ўзроўні міжасабовых кантактаў. Прасачыць іх на дадзены момант немагчыма. Рашэнне, прынятае па Макею - адзін з вынікаў такіх дамоўленасцей», - сказаў палітолаг Павал Усаў у інтэрв'ю сайту charter97.org.

Палітолаг лічыць, што беларускі рэжым разлічвае на поўную адмену санкцый, уведзеных з боку ЕЗ. Менавіта гэтым ён тлумачыць адмову Макея ад наведвання Польшчы.

«Пра тое, чаму міністр замежных спраў Беларусі адмовіўся ехаць у Кракаў, а паслаў замест сябе Алену Купчыну, можна толькі здагадвацца. Магчыма, для Менска гэта запрашэнне не з'яўляецца важным і ключавым, асабліва з улікам таго, што была адмененая паездка Уладзіміра Макея ў Нью-Йорк. Магчыма, той узровень сустрэч і пералік пытанняў, якія маглі быць прапанаваныя там, выклікалі раздражненне беларускага боку. Адмовіўшыся ад паездкі ў Кракаў, афіцыйны Менск хоча прадэманстраваць тое, што беларускія ўлады патрабуюць не паўмер, а поўнай размарозкі дыпламатычных адносін і адмены санкцый. Рэжым дэманструе, што ён не гатовы ні на якія саступкі і чакае, што ЕЗ цалкам прыме яго пазіцыю. Таксама трэба ўлічыць, што «палата прадстаўнікоў» не прысутнічае ў «Еўранэсце», што даволі адчувальна для Менска. Беларусь прадстаўленая палітычнай апазіцыяй. Улады з 2009 года беспаспяхова спрабуюць дамагчыся змены гэтай сітуацыі. Думаю, што гэта адна з прычын адмовы Уладзіміра Макея ехаць у Кракаў», - заявіў Павал Усаў.

Нагадаем, міністр замежных спраў Беларусі знаходзіцца ў спісе чыноўнікаў і алігархаў, супраць якіх уведзеныя санкцыі з-за рэпрэсій у нашай краіне. Яму забаронены ўезд у краіны Еўрапейскага Звяза і ў ЗША. Некаторыя еўрапейскія чыноўнікі раней заяўлялі пра тое, што Макею могуць дазволіць ўезд у ЕЗ. Гэтая ідэя была падвергнутая крытыцы як з боку беларускай апазіцыі, так і з боку уплывовых праваабарончых арганізацый.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках