28 красавiка 2024, Нядзеля, 1:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Коммерсант»: Лукашэнка развязаў цукерачную вайну з Украінай

34
«Коммерсант»: Лукашэнка развязаў цукерачную вайну з Украінай

У Беларусі абмежавалі продаж імпартных кандытарскіх вырабаў.

У распараджэнні «Коммерсант-Украина» апынуўся ліст беларускіх уладаў гандлёвым кампаніям, дзе для лакальных вытворцаў у структуры продажаў кандытарскай прадукцыі ўстанаўліваецца квота ў 85%. Зараз Беларусь - адзін з найбуйнейшых экспартных рынкаў збыту для ўкраінскіх вытворцаў, і ўведзеныя меры пагражаюць ім стратай звыш $55 млн даходу ў год.

Прадукцыя беларускіх кампаній павінна займаць не менш за 85% усіх продажаў кандытарскіх вырабаў у краіне - такое даручэнне мясцовым уладам даў прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч. Пра гэта сведчаць лісты гарадскіх уладаў, якія яны разаслалі гандлёвым арганізацыям. У лісце галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Менскага гарвыканкама, датаваным 6 красавіка, таксама патрабуецца «забяспечыць наяўнасць у продажы шырокага асартыменту кандытарскіх вырабаў айчыннай вытворчасці... аказаць садзейнічанне і прымаць актыўны ўдзел у праводзімых айчыннымі вытворцамі інтэрвенцыях і рэкламных мерапрыемствах».

У карпарацыі Roshen кажуць, што ўжо адчуваюць дыскрымінацыю на гэтым рынку. «Калі раней імпартны тавар займаў умоўна 50% на паліцы, то сёння ён можа прэтэндаваць толькі на 15%. Гэта істотна ўскладніла прасоўванне, таму што гандаль стаў значна скарачаць заказы. Як вынік, назіраецца падзенне продажаў на 30-50%», - распавялі ў Roshen.

У кампаніі АВК звязваюць дзеянні беларускіх уладаў з нацыяналізацыяй фабрык «Камунарка» і «Спартак», якая адбылася нядаўна ў краіне . «З-за таго што мясцовыя вытворцы сталі губляць долю, улады вырашылі абараніць рынак у першую чаргу ад імпарту», - лічыць менеджэр кампаніі.

Вытворцы нагадваюць, што амаль увесь красавік не маглі завезці сваю прадукцыю ў Беларусь - мясцовая мытня затрымлівала транспарт з іх прадукцыяй на мяжы для дадатковых праверак. Пры гэтым афіцыйна абмежаванняў паставак не ўводзілася, але да ўкраінскай прадукцыі ўжываўся ўзмоцнены мытны кантроль.

Беларускія ўлады, праўда, сцвярджаюць, што ніякіх нарматыўных дакументаў, якія абмяжоўваюць правы ўкраінскіх кандытараў, не існуе.

«У нас няма ніякіх гандлёвых бар'ераў у адносінах да ўкраінскай кандытарскай прадукцыі», - заявілі ў прэс-службе міністэрства гандлю, адмовіўшыся ад больш падрабязных каментароў.

Як заявіла інфармагенцтву БелаПАН начальнік аддзела бакалейных-кандытарскіх і іншых тавараў упраўлення спажывецкага рынку харчовых тавараў Міністэрства гандлю Таццяна Радкевіч, існуе толькі зацверджаны графік паставак прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў.

«Камунарка» і «Спартак» самі зніжаюць адпускныя кошты, праводзяць рэкламу свайго тавару. Бо рэалізацыя тавараў залежыць ад пакупнікоў. Хтосьці аддае перавагу імпартным таварам, хтосьці - айчынным, чалавека ж не прымусіш нешта купіць. Мы толькі прапануем, а вырашае сам пакупнік», - сказала Радкевіч.

Па дадзеных нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі, украінская прадукцыя зараз займае трэцяе месца (пасля малдаўскай і расейскай) сярод краін-імпарцёраў па аб'ёмах продажаў у краіне. А па інфармацыі Дзяржстата Украіны, у студзені-сакавіку 2013 года туды было пастаўлена 5,38 тыс. т прадукцыі на суму $15,95 млн. Асноўнымі экспарцёрамі з'яўляюцца Roshen, «Конти» і АВК. Зараз Беларусь - чацвёрты па велічыні (пасля Расеі, Казахстана і Азербайджана) экспартны рынак для ўкраінскіх кандытараў.

У прэс-службе Мінэканамразвіцця адзначылі толькі, што ўжо займаюцца праблемай вольнага доступу ўкраінскіх кандытарскіх вырабаў на рынак Беларусі, і гэтае пытанне будзе абмяркоўвацца на бліжэйшым пасяджэнні ўкраінска-беларускай міжурадавай камісіі, запланаваным на 22 траўня. Раней крыніца «Коммерсанта» у МЭРГ патлумачыла праблемы, якія ўзніклі ва ўкраінскіх кандытараў на беларускім рынку, адказам на імкненні Украіны ўвесці абмежаванні на імпарт нафтапрадуктаў з Беларусі. «Але пасля закрыцця гэтага расследавання Міжведамаснай камісіяй па міжнародным гандлі частка перашкод была ліквідаваная», - адзначыў суразмоўца.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках