За «Чарнобыльскі пікет» выпісалі 20 базавых штрафу
2- 17.05.2013, 17:27
Віцебскіх актывістаў прысудзілі да штрафу ў 20 базавых велічынь за правядзенне «чарнобыльскага пікету» 26 красавіка.
У Кастрычніцкім райсудзе Віцебска прайшлі суды над актывістамі КХП БНФ Янам Дзяржаўцавым і Віталём Каваленкам.
Іх прысудзілі да штрафу ў 20 базавых велічынь кожнага.
Пра гэта ў «Фэйсбуку» паведаміў віцебскі актывіст Алесь Галавань.
Дзяржаўцава і Каваленку абвінавацілі ў правядзенні несанкцыянаванага пікету 26 красавіка. Аднак пратаколы аб гэтым былі складзеныя значна пазней - калі супрацоўнікі міліцыі разгледзелі на інтэрнэт-сайтах іх з плакатамі «Будаваць АЭС без згоды народа можа толькі вораг Беларусі» і «Дыктатар, пабудуеш Астравец - пажнеш Чарнобыль».
Суддзя Грабоўская Іна, якая вядомая ў Віцебску сваімі шматлікімі абвінаваўчымі пастановамі ў дачыненні да апазіцыянераў, адмовілася весці працэс па-беларуску. Падчас разгляду справы міліцыянты выкарыстоўвалі матэрыялы сайта charter97.org.
Галавань таксама адзначае, што адзін са спецназаўцаў-сведкаў прыйшоў на суд у майцы з гербам Савецкага саюза і надпісам СССР.