1 траўня 2024, Серада, 16:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Заходнія канцэрны выпрабоўвалі лекі на пацыентах у ГДР?

16
Заходнія канцэрны выпрабоўвалі лекі на пацыентах у ГДР?

Выпрабаванні, якія праходзілі пад кантролем «Штазі», забяспечвалі ўсходненямецкі рэжым цвёрдай валютай.

Выглядае ўсё як у фільме жахаў другога гатунку: пацыент прыходзіць да лекара па лячэнне, а яго ў мэтах нажывы выкарыстоўваюць як паддоследнага труса для клінічных выпрабаванняў новых, а не дапушчаных да ўжывання медыцынскіх прэпаратаў. Аднак часопіс Der Spiegel запэўнівае, што ў 50 клініках у былой ГДР прайшло каля 600 такіх клінічных выпрабаванняў, перадае Deutsche Welle.

Адной з гэтых клінік была знакамітая берлінская «Шарытэ». Абвінавачванні не новыя, яшчэ ў канцы 2012 года газета Der Tagesspiegel паведамляла пра іх. Цяпер у «Шарытэ» пры ўдзеле міністэрства аховы здароўя Нямеччыны створана спецыяльная камісія, якая павінна вызначыць рэальныя маштабы клінічных тэстаў і высветліць, ці парушаліся пры гэтым правы пацыентаў. І хто, уласна, нясе адказнасць за парушэнні, калі яны былі: заходнія канцэрны або лекары з былой ГДР?

Фармаканцэрны ўсе абвінавачванні адпрэчваюць

Свае абвінавачванні газета Der Tagesspiegel засноўвае на тым, што ў гісторыях хваробы многіх пацыентаў, якія бралі ўдзел у тэстах, адсутнічае ўласнаручна падпісанаы імі згода на ўдзел у такіх «клінічных выпрабаваннях». Аднак былая ГДР абавязалася выконваць прынятую яшчэ ў 1964 годзе Хельсінскую дэкларацыю, якая зафіксавала этычныя прынцыпы медыцынскіх выпрабаванняў на пацыентах. Так што, як паказвае ў інтэрв'ю Сузан Кнол (Susan Knoll), кіраўнік аддзела сувязяў з грамадскасцю Аб'яднання фармакалагічных прадпрыемстваў, якія вядуць навуковыя распрацоўкі, заходнія канцэрны спадзяваліся на добрасумленнасць лекараў у ГДР.

Не адпавядае рэчаіснасці, са словах Кнол, і сцверджанне газеты аб тым, што пацыент павінен быў уласнаручным подпісам пацвердзіць сваю згоду на ўдзел у эксперыментальнай тэрапіі: «Правіла аб уласнаручным подпісе пацыента было ўведзенае толькі ў 1996 годзе, да таго дастаткова было подпісу лекара, якія пацвярджае , што ён праінфармаваў пацыента».

І ўжо зусім бяздоказнымі Сузан Кнол называе сцвярджэнні часопіса Der Spiegel аб тым, што падчас тэстаў мелі месца смяротныя зыходы. Пакуль ніякіх доказаў наўпроставай сувязі паміж выкарыстаннем медыкаментаў і смерцямі пацыентаў не пададзена. Таму, дадае яна, трэба дачакацца вынікаў працы камісіі расследавання такіх выпадкаў.

Патэнцыйныя ахвяры ўжо патрабуюць кампенсацый

Старшыня Рады дапамогі ахвярам рэжыму ў ГДР Рональд Лесіг (Ronald Lässig) між тым, не чакаючы вынікаў расследавання, выказвае ўпэўненасць у тым, што ва Усходняй Нямеччыне мэтанакіравана праводзіліся эксперыменты на людзях. «Напраўду гэта было прыніжэнне для людзей, якія звярталіся па медыцынскую дапамогай да лекараў», - падкрэсліў ён у інтэрв'ю.

Спадар Лесіг патрабуе кампенсацый для ахвяр тэстаў або іх нашчадкаў. Хто ім павінен плаціць? Як фармаканцерны, так і клінікі ў Усходняй Нямеччыны нядрэнна зараблялі на такіх эксперыментах. У сярэднім канцэрны плацілі да 800 тысяч тагачасных бундэсмарак за кожнае клінічнае выпрабаванне. «Ці гэта не сведчанне таго, у якім адчайным эканамічным становішчы знаходзілася ГДР? Рэжым нічым не грэбаваў, каб займець цвёрдую валюту», - абураецца Рональд Лесіг.

Калі маеш справу з дыктатурай, нельга спадзявацца на прыстойнасць

Афіцыйны прадстаўнік Федэральнай установы вывучэння архіваў «штазі» Дагмар Ховэштэдт (Dagmar Hovestädt) пацвярджае пункт гледжання Рональда Лесіга. «Задачай «штазі» было паклапаціцца аб тым, каб гэты новая крыніца цвёрдай валюты не сканчалася», - гаворыць яна. Установа вывучэння архіваў «штазі» гатова падаць усе патрэбныя для расследавання дакументы.

Тыя ж, хто не мае досведу жыцця ў сацыялістычных краінах, павінны, па выразе Ховэштэдт, разумець, у якіх умовах праходзілі тэсты. Тады будзе зразумела, чаму пацыенты да гэтага часу маўчалі. «Гэтыя тэсты праводзіліся ва ўмовах дыктатуры, дзе грамадзянскія свабоды і свабода меркаванняў былі абмежаваныя. Таму і абыходзіць існыя законы было значна прасцей», - падсумоўвае Дагмар Ховэштэдт.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках